Кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Таццяна Харлап сказала, што паміж паркам і палатай адзначаецца актыўная дынаміка супрацоўніцтва і пашырэнне сферы прыкладных інтарэсаў. "Сёння мы падпісалі абноўленае пагадненне паміж індустрыяльным паркам і Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, якое замацавала дамоўленасці на цяперашні і будучы перыяды", - падкрэсліла яна.
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў дадаў, што ўзаемадзеянне палаты і парка нацэлена на дасягненне галоўнай мэты - садзейнічанне развіццю беларускага бізнесу і яго паспяховаму прасоўванню на замежных рынках. І сёння бакі афіцыйна замацавалі супрацоўніцтва падпісаннем абноўленага пагаднення.
У ліку яго прыярытэтаў - кансультаванне рэзідэнтаў і інвестараў парка па пытаннях сертыфікацыі паходжання тавараў і прадукцыі, работ, паслуг уласнай вытворчасці, таварнай экспертызы, ацэнкі аб'ектаў грамадзянскіх правоў і іншых пытаннях, правядзенне на тэрыторыі парка выставачна-кірмашовых і іншых мерапрыемстваў, удзел рэзідэнтаў парка ў міжнародных праектах БелГПП. Акрамя гэтага, прыярытэтна пашырэнне інфармацыі аб дзейнасці парка сярод беларускіх і замежных інвестараў, замежных гандлёва-прамысловых палат і іншых аб'яднанняў дзелавых колаў.
"Вядома, гэта толькі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва, само пагадненне ахоплівае больш сфер для партнёрства. Такім чынам, пагадненне стане дарожнай картай для далейшай і яшчэ больш актыўнай работы БелГПП і "Вялікага каменя" на карысць нашых кампаній-членаў і рэзідэнтаў", - адзначыў Міхаіл Мятлікаў.
У рамках праграмы Great Business Day рэзідэнты індустрыяльнага парка, а таксама партнёры "Вялікага каменя" і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты азнаёміліся з перавагамі, якія адкрываюцца для членаў БелГПП, умовамі ажыццяўлення закупак на тэрыторыі ЕАЭС, падставамі для прэферэнцый у дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь, а таксама вызначылі новыя пункты росту для бізнесу на рынках рэгіёна.
Крыніца: minsk-region.gov.by


