Не памылюся, калі скажу, што на першым плане сярод усіх навін зараз ідуць паведамленні з нябачнага «фронту» – барацьба з каранавірусам. Гуляе гэты вірус і на тэрыторыі нашага раёна.
Для таго, каб абмежаваць распаўсюджванне хваробы, грамадзянам з падазрэннем на магчымае інфіцыраванне рэкамендуецца часова ізалявацца. Такія патрабаванні ставяцца медыкамі, а строгасць іх выканання цалкам залежыць ад сумленнасці чалавека.
Нездарма гаворыцца: «Давярай, але і правярай!». Супрацоўнікам РАУС апошнім часам даводзіцца браць на сябе дадатковую нагрузку – правяраць, ці выконваюць грамадзяне правілы самаізаляцыі. Згодна са спісам, які прадастаўляецца ўстановамі аховы здароўя, міліцыя штодня адпраўляецца ў выязныя рэйды. На мінулым тыдні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты трое жыхароў раёна за невыкананне каранцінных мер. Адносна правапарушальнікаў складзены адпаведныя пратаколы, а мера пакарання будзе назначана судом. Законам прадугледжваецца штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Грошы немаленькія. Але ў параўнанні з пакутамі захварэўшых людзей – дробязь…
Паважаныя жыхары раёна! Супрацоўнікі РАУС папярэджваюць, што будуць пільна кантраляваць людзей, якім рэкамендаваны рэжым самаізаляцыі. Правапарушальнікі абавязкова панясуць пакаранне рублём. Не забывайце і пра маральную адказнасць перад грамадствам. Памятайце, што побач з вамі жывуць дзеці, старыя, якіх вы можаце заразіць і нават стаць іх ускосным забойцам. Міліцыя заклікае ўсіх і кожнага строга выконваць медыцынскія рэкамендацыі.


