Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Ад Івянца да Ракава - стартавала абласная акцыя «Мая Радзіма! Мая Беларусь!»

27.07.2020

У гарадскім пасёлку Івянец на Валожыншчыне быў дадзены старт грамадска-культурнай акцыі «Мая Радзіма! Мая Беларусь!»

Яна праводзіцца ў рамках Года малой радзімы і ахопіць усе рэгіёны Мінскай вобласці: жыхарам раённых цэнтраў у найбліжэйшы час падораць сваё мастацтва знакамітыя артысты краіны, сярод якіх эстрадны выканаўца Аляксей Хлястоў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Алёна Ланская і многія іншыя таленавітыя спевакі.

У гарадскім парку разгарнуўся самы сапраўдны забаўляльны комплекс з выставамі работ знакамітых івянецкіх ганчароў і культурнай спадчыны, пунктамі грамадскага харчавання, цірамі і забаўляльнымі комплексамі для самых маленькіх.

На адкрытай сцэне градус настрою шматлікім наведвальнікам перад пачаткам акцыі павышалі мясцовыя самадзейныя мастацкія калектывы. Да прыкладу, цёпла сустрэлі жыхары гарадскога пасёлка і госці мерапрыемства земляка Аляксандра Сабалеўскага – лаўрэата шматлікіх конкурсаў і фестываляў, а таксама каларытных салістак мясцовага дома культуры. Гэта і нядзіўна, бо да месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, да яго людзей - асаблівая любоў!

А менавіта такія пасылы - любоў да малой радзімы, гонар за яе дасягненні, працоўныя і асабістыя поспехі сяброў, суседзяў – і з'яўляюцца цэнтральнай тэмай акцыі, праходзяць чырвонай ніткай праз выступленні ўсіх удзельнікаў вялікага ўрачыстага канцэрта. Такімі пачуццямі, эмоцыямі дзяліліся з івянчанамі салісты народнай студыі эстраднай песні «Срэбная трэль» з Жодзіна, зорка айчыннай эстрады, чароўная і кранальная Жанет, знакамітая на ўсе СНД «СССР». Незалежнасць Радзімы каштоўная, а адказнасць перад ёй - святая: гэтаму навучыла Афганская вайна, праз якую прайшлі ў свой час удзельнікі творчага калектыву.

Вікторыя Алешка, Алена Ланская, Аляксей Хлястоў, беларуская маладзёжная група «PROвакацыя»... Словы іх песень вядомыя кожнаму, таму, калі спявалі зоркі – падпявалі і гледачы. А самыя маленькія не пасаромеліся выйсці да выканаўцаў на сцэну, каб разам з імі патанчыць. Выдатна атрымалася, дарэчы. Аказваецца, не так ужо і недаступныя тыя, каго паказваюць па тэлевізары падчас вялікіх канцэртаў!

Наперадзе ва ўсіх нас – новыя слаўныя дасягненні, важныя справы, інавацыйныя тэхналогіі і навуковыя адкрыцці, спартыўныя перамогі і творчыя поспехі. А разам з імі - грандыёзныя выступленні любімых артыстаў краіны. У Заслаўі і Старобіне, Любані і Старых Дарогах, Крупках і Беразіно, Стоўбцах і Снове, Смалявічах і Лагойску, Капылі і Смілавічах, Мядзелі і Радашковічах... Кола канцэртаў замкнецца 8 жніўня ў Ракаве – на той жа зямлі, якая і дала пачатак абласной акцыі. А мы будзем сачыць за развіццём падзей.

Сяргей Садоўскі,

газета «Працоўная слава», Валожын

Задайте вопрос