Час уборкі зерневых культур гарачы як для аграрыяў, так і для супрацоўнікаў службы МНС. Не сакрэт, што на палетках здараюцца ўзгаранні як тэхнікі, так і збожжа. Сёлета, праўда, такіх надзвычайных здарэнняў у раёне не адбылося. Гэта заслуга многіх людзей: і інжынераў па тэхніцы бяспекі, і механізатараў, і вадзіцеляў, і, безумоўна, выратавальнікаў. З пачатку жніва пажарныя-выратавальнікі штодня адпраўляюцца ў рэйды. 10 жніўня маніторынг прайшоў у КСУП «Валожынскае» і ААТ «Суднікаўскі».
Першым месцам высадкі кантралёраў у пагонах сталі хлебныя нівы каля вёскі Пярэжары. Спачатку старшы інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Аляксей Сухадолец праверыў наяўнасць і дзеяздольнасць вогнетушыцеляў, потым кожны з кабайнераў прад’явіў выратавальнікам супрацьпажарнае палатно. Як аказалася, усе неабходныя сродкі меліся пад рукой, знаходзіліся ў спраўным стане. Яшчэ адна абавязковая ўмова працы на жніве – знаходжанне на полі пажарных машын або бочак з вадой на выпадак узгарання. І такая ўмова механізатарамі не была парушана.
Не атрымалі заўваг ад выратавальнікаў і хлебаробы ААТ «Суднікаўскі». Тут таксама патрабаванні тэхнікі пажарнай бяспекі выконваюцца. Як паказвае практыка, на зернеўборачных камбайнах здараюцца кароткія замыканні электраправодкі, разрыў гідраўлічных шлангаў, пападанне масла на нагрэтую паверхню. Але такіх магчымых парушэнняў не выяўлена.
Шмат небяспечных момантаў тояць у сабе і працэсы сушкі, ачысткі і захоўвання зерня. Нядобрасумленныя работнікі сушыльных комплексаў не прытрымліваюцца тэмпературнага рэжыму сушкі, што прыводзіць да ўзгарання зерня, псуе дарагое абсталяванне і нават прыводзіць да няспраўнасці ўсяго механізаванага комплексу. На сушыльным комплексе ў вёсцы Пральнікі прайшоў татальны кантроль з боку выратавальнікаў. Пачалі з праверкі ўкамплектаванасці супрацьпажарных шчыткоў. Потым перайшлі да больш складаных тэхнічных патрабаванняў. На радасць і кантралюючых асоб, і працаўнікоў сушылкі, значных недахопаў не выяўлена.
Напрыканцы сустрэчы выратавальнікі яшчэ раз нагадалі пра такія простыя, але важныя рэчы: на палявых станах курэнне забаронена, пра своечасовую ачыстку вузлоў ад саломы, аб правядзенні рамонтных работ на адлегласці не бліжэй чым 30 метраў ад хлебных масіваў.


