З галоўным аграномам КСУП «Валожынскае» Дзмітрыем КУЛІКОМ мы пазнаёміліся падчас творчай камандзіроўкі ў гаспадарку, калі рабілі рэпартаж аб ходзе жніва. Харызматычны, нестандартны, развіты, дальнабачны, вельмі жвавы, часам непрадказальны і пры гэтым улюбёны ў сваю справу і родныя Доры малады чалавек стараецца ахапіць неабсяжнае. Пра такіх гавораць: работа гарыць у руках.
Дзмітрыю Валер’евічу няма яшчэ 30-і. Але, паслухаўшы яго, разумееш: пра зямлю-карміцельку ён ведае амаль усё – і з навуковага пункту гледжання, і з тэарэтычнага, і з практычнага. Нарадзіўся ў Дорах у вялікай сям’і. Бацькі шмат працавалі. Гэтаму ж вучылі і пецярых сыноў. Дзмітрый з 12-і гадоў падчас канікулаў рабіў у фермера Нехвядовіча. Але прафесію агранома выбраў не адразу. Спачатку паспрабаваў сябе ў філасофскіх навуках і хутка зразумеў, што з вышэйшай матэрыяй наўрад ці зладзіць, а яго стыхія ўсё-такі – сельская гаспадарка.
У КСУП «Валожынскае» перспектыўнага спецыяліста запрасіў на работу дырэктар Генрык Палойка. Дагэтуль Д. Кулік паспеў папрацаваць і ў гаспадарках, і ў прыватнай фірме – набраўся вопыту і шмат чаму навучыўся. Зараз галоўны аграном «эксперыментуе» і на сабе, і на палетках.
Уборачныя плошчы – самыя вялікія ў раёне: амаль 5 тысяч гектараў. Тры вытворчыя ўчасткі: Доры, Пугачы, Ракаў. Што гэтыя землі і сапраўды маюць рэзерв, Дзмітрый Валер’евіч даказаў усяго за два гады работы. Так, ячмень каля Раманаўшчыны дае каля 60 цэнтнераў з гектара, такі ж ураджай і трыцікале, яравая пшаніца каля Дварца – 50 цэнтнераў, а вось азімая пшаніца ва ўрочышчы Дварэц – амаль 70 цэнтнераў. Галоўны аграном тлумачыць, што на гэтых палях тэхналагічны працэс захаваны ад «А» да «Я». «Можна ўсё рабіць па правілах, але па нейкай прычыне, напрыклад, не правесці апошнюю апрацоўку ці падкормку пасеваў ці зрабіць іх не ў тэрмін. Спецыялісты ў галіне земляробства добра ведаюць: ураджаю не чакай, – расказвае ён. – Безумоўна, многае залежыць і ад якасці правядзення работ – тут ужо справа за механізатарамі. А калі ёсць паразуменне паміж спецыялістамі і простымі работнікамі – усё атрымаецца!»
Асноўныя сілы сельгаспрадпрыемства на дорскім участку: тут 70 працэнтаў калектыву складае моладзь, ім яшчэ трэба многаму вучыцца, аднак размаўляюць яны на адной мове, не баяцца практыкаваць і шукаць, як кажуць, рацыянальнае зерне. Старэйшае ж пакаленне крыху з апаскай і нават са здзіўленнем ставіцца да новаўвядзенняў маладога галоўнага агранома. Дзмітрый Валер’евіч стараецца пераманіць на свой бок работнікаў са стажам. Як вынік – пугачоўскі і ракаўскі ўчасткі таксама падцягнуліся па паказчыках. Ён – мясцовы, вырас на вачах дорцаў, таму людзі яму давяраюць, бо ведаюць: не падвядзе. Для дырэктара гаспадаркі Дзмітрый Валер’евіч – правая рука: кіраўнік яго падтрымлівае, прыслухоўваецца, бо бачыць, што той усёй душой хварэе за работу. Ну а вынік сёлетняга жніва гаворыць сам за сябе.
Па словах Д. Куліка, працаваць яму падабаецца, хоць адпачываць у гарачыя дні даводзіцца ўсяго па 4-5 гадзін. З сабой у машыне возіць наўтбук, у якім ёсць план кожнага поля. Зямельныя ўчасткі пазначаны рознымі фарбамі – дзе і што будзе сеяцца. Яшчэ адзін клопат зараз – нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Правільнае планаванне і дэталёвы аналіз дазволілі ўжо нарыхтаваць 80 працэнтаў ад неабходнага.
Падчас нашай размовы галоўны спецыяліст неаднойчы заўважаў, што сельгаспрадпрыемству не хапае тэхнікі – хочацца, каб грошы зараблялі свае работнікі, ды і цяжка без яе на сто працэнтаў захоўваць тэхналогію вырошчвання. З-за адсутнасці жылля моладзь не жадае ехаць сюды на работу, таму ён марыць аб тым, каб пабудаваць інтэрнат. Тады і на вёсцы будзе перспектыва жыць і працаваць.


