5 урачоў, 2 урачы-інтэрны, 4 памочнікі ўрача, 3 фельчары, 7 медыцынскіх сясцёр са жніўня прыступілі да першага месца працы ва УАЗ «Валожынская цэнтральная раённая бальніца».
Тры маладыя ўрачы пасля заканчэння медыцынскіх універсітэтаў маладымі спецыялістамі вярнуліся на малую радзіму – усе яны вучыліся па мэтавым накіраванні. Валожынка Алена Юр’еўна Губіч працуе педыятрам у райбальніцы. Алеся Аляксандраўна Кургановіч (Зянько) прыступіла да абавязкаў урача-рэнтгенолага. Сяргей Анатольевіч Жвірко з аграгарадка Вішнева прызначаны ўрачом агульнай практыкі Івянецкай гарпасялковай бальніцы. Мінчанка Хрысціна Сяргееўна Падбярозкіна і ўраджэнка Гродна Вераніка Мікалаеўна Лісецкая занялі пасады ўрачоў псіхіятраў-нарколагаў.
Два ўрачы-інтэрны Антон Уладзіміравіч Лушчыцкі і Анастасія Дзмітрыеўна Гаспарэвіч вярнуліся ў родны Валожын, дзе праходзяць паслядыпломную спецыялізацыю ўрача агульнай практыкі.
Анастасія Леанідаўна Ключнік са Смаргоншчыны ўзначаліла Дубінскі ФАП. Маладая акушэрка з’явілася ў акушэрска-гінекалагічным кабінеце, а ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі райпаліклінікі – фельчар-лабарант.
Сярод памочнікаў урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе ёсць ураджэнцы Шчучынскага, Смаргонскага раёнаў, Вішнева і райцэнтра. Яны працуюць у райбальніцы, адзін – у Пяршайскай урачэбнай амбулаторыі. Медыцынскія сёстры размеркаваны ў прыёмнае, хірургічнае аддзяленні, дзіцячую кансультацыю, працэдурны кабінет Ракаўскай участковай бальніцы.
Як адзначылі ў аддзеле кадраў райбальніцы, для замацавання кваліфікаваных кадраў усім, хто мае патрэбу, прадастаўлена жыллё.
Сёлета ў райбальніцу за накіраваннем для паступлення на атрыманне прафесіі ўрача звярнуліся 9 чалавек, яшчэ 4 выказалі намер вучыцца ў медыцынскіх каледжах. Будучыя доктары жадаюць стаць педыятрамі і тэрапеўтамі.
Анастасія ГАСПАРЭВІЧ, Вераніка ЛІСЕЦКАЯ, Алена ГУБІЧ, Хрысціна ПАДБЯРОЗКІНА і Антон ЛУШЧЫЦКІ


