Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Верасень паклікаў на ўрок

02.09.2020

Каб прыняць удзел ва ўрачыстай лінейцы і павіншаваць валожынскіх гімназістаў са святам 1 верасня прыехалі старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала. Кіраўнік раёна падчас свайго невялікага, але эмацыянальнага выступлення пажадаў вучнёўскаму і настаўніцкаму калектывам здароўя, поспехаў, імкнення да дасягнення самых неверагодных вышынь. Затым дырэктару ўстановы адукацыі Алене Іванаўне Клачко быў уручаны сертыфікат на чатыры тысячы рублёў. Як стала вядома, падарунак плануецца рэалізаваць наступным чынам: набыць неабходнае вучэбнае абсталяванне.

Сёння Валожынскай гімназіі ёсць чым ганарыцца. 11 гадаванцаў за высокія дасягненні ў вучобе атрымалі залатыя медалі. Амаль 90% учарашніх адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Выпускніца Анастасія Гаўрыс на цэнтралізаваным тэсціраванні паказала вынік у 100 балаў. Многія юнакі і дзяўчаты па асобных прадметах ад лідара адсталі зусім нязначна – атрымалі літаральна на некалькі балаў менш.

За ўменне годна паказаць сябе падчас розных конкурсаў, прадметных алімпіяд вучні і настаўнікі гімназіі за мінулы вучэбны год сабралі багаты ўраджай дыпломаў і ганаровых грамат. Толькі за ўдзел у конкурсе даследчых работ у скарбонцы гімназістаў і іх педагогаў тры дыпломы абласнога ўзроўню і два – рэспубліканскага.

Настаўніку Таццяне Іванаўне Саевіч прысвоена катэгорыя «Настаўнік-метадыст». На раённай канферэнцыі граматай упраўлення па адукацыі адзначаны Аляксандр Аляксандравіч Кербедзь і Святлана Вітольдаўна Федарака. На абласным настаўніцкім форуме Падзяка старшыні Мінаблывыканкама ўручана Таццяне Анатольеўне Лябёдка.

У бягучым годзе за парты гімназізіі № 1 г. Валожына селі 449 хлопчыкаў і дзяўчынак, а гэта на дзесяць чалавек больш, чым у мінулым годзе. 18 адзінаццацікласнікаў (адзін клас) выйшлі, так бы мовіць, на фінішную прамую свайго школьнага жыцця, а іх змена – першакласнікі ў колькасці 53 чалавекі склалі два класы.

Першы званок – гэта шчымлівае і кранальнае мерапрыемства. Таму кожнае слова, што гучала ў святочны дзень на гімназічным двары, толькі ўзмацняла атмасферу ўрачыстасці. Як заўсёды, асаблівыя пачуцці ў прысутных выклікалі маленькія героі дня. Навічкі, што папоўнілі дружную каманду, шчыра і пранікнёна павіталі сваіх новых сяброў, настаўнікаў і ўсхваляваных бацькоў, а затым традыцыйны першы званок паклікаў усіх на першы ўрок.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос