Дзверы ўстановы адукацыі гасцінна расчыніліся перад навучэнцамі другога, трэцяга курсаў і тымі, хто ўпершыню пераступіў парог установы.
Пад гукі гімна быў узняты дзяржаўны сцяг. Ганаровае права зрабіць гэта было прадастаўлена аднаму з лепшых навучэнцаў ліцэя Паўлу Курзянкову і намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Марыне Віршыч.
Прысутныя дружна віталі новае папаўненне. Для юнакоў і дзяўчат гэта важны, запамінальны дзень. Сёлета прыступаюць да заняткаў чатыры групы першакурснікаў. Учарашнія школьнікі толькі распачынаюць свой вучэбны шлях ва ўстанове, таму зразумела іх хваляванне і няўпэўненасць.
Першым узяў слова дырэктар ліцэя Павел Хількевіч. Ён прывітаў прысутных і пажадаў усім плённай працы, натхнення, новых дасягненняў і здабыткаў. Павіншаваць рабят з Днём ведаў на мерапрыемства завіталі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ірына Жданюк і начальнік крымінальнай выканаўчай інспекцыі РАУС, маёр міліцыі Ігар Міхайлаў. З найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да прысутных майстар вытворчага навучання адной з груп першакурснікаў Іван Маршалок. Шмат цёплых і добрых слоў прагучала ў адрас адміністрацыі, педагогаў і работнікаў ліцэя ў выступлені навучэнкі трэцяга курса Ганны Лашук.
Пасля ўрачыстаў часткі ўсіх навучэнцаў запрасілі ў актавую залу, дзе прайшоў агульны першы ўрок, прысвечаны тэме малой радзімы.
У незвычайным фармаце прайшла сёлета ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, у сярэдняй школе № 2 г. Валожына. На ёй прысутнічалі толькі вучні першых, пятых, дзявятых, дзясятых класаў, а таксама іх настаўнікі і бацькі. У астатніх рабят ішлі ўрокі.
Павіншаваць педагогаў, рабят і іх бацькоў на мерапрыемства завіталі ганаровыя госці. Старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вераніка Віктараўна Загорская перадала дырэктару ўстановы адукацыі Аляксандру Мікалаевічу Уланчыку кубак і Дыплом II ступені за перамогу ў абласной спартакіядзе вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па выніках 2019-2020 навучальнага года. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская шчыра падзякавала за плённую працу падчас уборачнай кампаніі настаўніку Сяргею Міхайлавічу Шаўлюку, які ўжо шмат гадоў у час водпуску працуе камбайнерам. Сёлета, да таго ж, ён увайшоў у лік тых, хто намалаціў звыш тысячы тон збожжа.
Школьную сям’ю ў новым навучальным годзе папоўнілі 32 першакласнікі. Хвалююча і кранальна прагучала выступленне іх прадстаўнікоў падчас лінейкі. Малыя амаль не хваляваліся, чаго не скажаш пра адзінаццацікласнікаў, для якіх пачынаецца вельмі важны, адказны перыяд у жыцці. Пажадаем жа юнакам і дзяўчатам дасягнуць тых высокіх мэт, што яны ставяць сёння перад сабой.
Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА


