Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Калі збываюцца мары...

08.09.2020

З нагоды Дня пажарнай службы, які адзначаўся 25 ліпеня, падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта была аб’яўлена актывістцы Валожынскага аддзялення Беларускага маладзёжнага грамадскага аб’яднання выратавальнікаў-пажарных Кацярыне БАЦЯН. Сёлетняя выпускніца другой гарадской школы прымала актыўны ўдзел у прапагандысцкіх акцыях і мерапрыемствах па папярэджанні і ліквідацыі пажараў на тэрыторыі раёна.

У рады юных выратавальнікаў Кацярына патрапіла выпадкова: настаўніца фізікі прапанавала ёй прыняць удзел у гульні клуба вясёлых і знаходлівых, якую праводзіў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Запрашэнне яна прыняла без ахвоты, аднак мудры педагог параіла: «А ты паспрабуй!» І хто б тады мог падумаць, што гэтыя словы для маладой асобы будуць лёсавызначальнымі?!

На працягу трох гадоў К. Бацян стала адной з самых актыўных членаў аб’яднання. Прымала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах: акцыях, турыстычных злётах, спаборніцтвах па пажарным спорце і інш. «Мне вельмі падабаецца дапамагаць людзям, – расказвае дзяўчына. – І зараз, калі я іду па горадзе, а малодшыя школьнікі пры сустрэчы ўслед кажуць: «Во, я яе ведаю!..», на сэрцы робіцца так прыемна ад таго, што ты камусьці можаш быць карысным».

Дэвіз арганізацыі: «Адзін за ўсіх, усе за аднаго!» Яе члены атрымліваюць патрэбныя для кожнага чалавека веды і навыкі па бяспецы жыццядзейнасці, вучацца сябраваць, дапамагаць і падтрымліваць. А яшчэ, па словах Кацярыны, развіваць такія рысы характару, як сумленнасць і прыстойнасць. І хоць у сучасным свеце гэтыя якасці не вельмі папулярныя, аднак быць такім – справа гонару для маладых выратавальнікаў-пажарных. Старшакласніцы настолькі спадабалася грамадская дзейнасць, што вырашыла звязаць з ёй будучы прафесійны шлях і паступіць у спецыялізаваную вышэйшую навучальную ўстанову. Хоць шанцаў стаць студэнткай менавіта сёлета было крайне мала. Аднак…

Узнагарода ад раённай улады аказалася для дзяўчыны прыемнай нечаканасцю. «Я надзвычай рада і ўдзячна ўсім!» – усхвалявана прызналася яна. Яшчэ большыя эмоцыі адчула выпускніца, калі ўсё-такі была залічана на першы курс факультэта папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый універсітэта грамадзянскай абароны (былы камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь), з чым мы яе шчыра віншуем!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Галерэя малюнкаў

Задайте вопрос