Закон Рэспублікі Беларусь «Аб індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» дзейнічае з 1 студзеня 2003 года, і з гэтай даты даныя, неабходныя для назначэння пенсіі, пацвярджаюцца звесткамі персаніфікаванага ўліку. Сёння ў гэтай сістэме ў Мінскай вобласці адкрыта каля 2 млн індывідуальных асабовых рахункаў.
У апошнія гады істотна ўзраслі патрэбнасці ў выкарыстанні даных персаніфікаванага ўліку, якія звязаны з абаронай правоў і выкананнем дзяржаўных гарантый па аплаце працы работнікаў у частцы забеспячэння яе ўзроўню не ніжэй за мінімальную заработную плату, ажыццяўленнем кантролю за расходаваннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
Звесткі, якія прадастаўляюцца з дапамогай падачы дакументаў персаніфікаванага ўліку плацельшчыкамі, пастаянна пашыраюцца. З 1 ліпеня 2019 г. унесены змены ў заканадаўства, з улікам якіх за 3 квартал 2019 года наймальнікі падалі звесткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў пашыраным фармаце з указаннем базавай назвы прафесіі, пасады служачага, прысваення разраду, класа, кваліфікацыйнай катэгорыі, віду заключанага з работнікам працоўнага дагавору, звестак аб пераводзе на іншую пастаянную працу, падставы звальнення, а таксама аб рабоце на ўмовах сумяшчальніцтва.
4 чэрвеня 2020 г. на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледжаны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання».
Гэтыя змены тычацца змястоўнай часткі індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы. Індывідуальны асабовы рахунак застрахаванай асобы дапаўняецца звесткамі аб:
перыядах працоўнай дзейнасці;
месцы працы з указаннем структурнага падраздзялення, у якім працуе застрахаваная асоба;
найменні пасады служачага, прафесіі рабочага ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі даведнікамі, якія зацвярджаюцца ў парадку, вызначаным Урадам Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць дзейнасць работнікаў па асобных пасадах служачых, і працоўным дагаворам;
прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі, разраду, класа, класа дзяржаўнага служачага (кваліфікацыйнага класа, класнага чыну, персанальнага звання, дыпламатычнага рангу);
пераводзе на іншую пастянную работу;
падставе звальнення;
рабоце па грамадзянска-прававым дагаворы (нумар і дата, перыяд выканання работ, аказання паслуг і стварэння інтэлектуальнай уласнасці);
прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці (перыяды ажыццяўлення і неажыццяўлення дзейнасці);
прычынах налічэння выплат (даходу), на якія налічваюцца страхавыя ўзносы, ніжэй за месячную мінімальную заработную плату, устаноўленую ў адпаведнасці з заканадаўствам;
перыядах атрымання штомесячнай даплаты да заработнай платы замест прафесійнага пенсійнага страхавання і іншымі звесткамі, неабходнымі для назначэння і выплаты пенсіі і (або) дапамогі, кантролю за правільнасцю выкарыстання сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ва ўстаноўленых заканадаўствам выпадках.
Назапашванне на індывідуальным асабовым рахунку падрабязнай інфармацыі аб працоўнай дзейнасці работніка будзе спрыяць пераходу на электронны ўлік працоўнай дзейнасці грамадзян і адмене ў перспектыве папяровых працоўных кніжак.
Само ўвядзенне электроннага ўліку працоўнай дзейнасці ўнясе станоўчыя моманты для грамадзян: электронны ўлік у адрозненне ад папяровага дазволіць захаваць усю інфармацыю аб працоўнай дзейнасці чалавека (электронную працоўную кніжку нельга страціць), а таксама пазбавіць ад неабходнасці прадстаўлення працоўнай кніжкі ў дзяржаўныя органы і ўстановы пры яго звароце за назначэннем пенсіі, дапамог, іншымі паслугамі. Для наймальнікаў таксама плюс – яны змогуць выключыць выдаткі, звязаныя з вядзеннем і захоўваннем працоўных кніжак.
Марына КАЛІТНІК,
начальнік Валожынскага райаддзела


