Сёлета 29 выпускнікоў раёна за выдатныя веды атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі. З 1 верасня ўсе яны сталі студэнтамі.
11 медалістаў гімназіі № 1 г. Валожына паступілі: Антон Віршыч і Валерыя Петыш – у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на факультэты інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, прынттэхналогій і медыякамунікацый. Раман Кезік, Наталля Маслоўская, Алена Станкевіч і Ігнат Шаргародскі вучацца ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Марыя Малянковіч і Варвара Несцярэўская выбралі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і будуць набірацца ведаў адпаведна ў сферы міжнароднага турызму і ў вэб-журналістыцы. Ксенія Сіношына – студэнтка факультэта міжнародных адносін эканамічнага ўніверсітэта. Паліна Старасценка асвойвае кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Карына Растаргуева атрымлівае вышэйшую адукацыю за мяжой (у Канадзе).
Дзве выдатніцы вучобы сярэдняй школы № 1 райцэнтра Аляксандра Рудовіч і Вольга Кель выбралі прафесію педагога, Іван Ігнатовіч паступіў у тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт інфармацыйных сістэм і тэхналогій. Анастасія Шайтар стане педыятрам, Лізавета Шапуцька таксама звязала свой лёс з лячэбнай справай. Анастасія Арловіч бачыць сябе эканамістам-міжнароднікам, Вераніка Віршыч вучыцца ў Польшчы на журналіста.
Паліна Паляшчук з другой гарадской школы – студэнтка Мінскага медыцынскага ўніверсітэта, Карына Скапец – універсітэта транспарту.
Івянецкія медалісты – цяпер сталічныя жыхары. Андрэй Нядзвецкі атрымлівае прафесію ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Яна Казавова – у лінгвістычным універсітэце, Аліна Мішугова – ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, Вікторыя Крывадубская – у медыцынскім каледжы.
Сярэбраная медалістка Ракаўскай адзінаццацігодкі Вікторыя Пякарская вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце. Гэту ж навучальную ўстанову выбраў і ўладальнік залатога медаля з Пяршайскай СШ Мікалай Калясінскі, а яго аднакласнік Яраслаў Мянцюк на пяць гадоў перабраўся ў Гродна, каб стаць урачом. Выдатніца з Багданава Наталля Часноўская атрымлівае веды па правазнаўстве ў Полацкім эканамічным каледжы.
Як адзначылі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, са 164 сёлетніх выпускнікоў студэнтамі вышэйных навучальных устаноў сталі 99, ці 60,4 працэнта. Стапрацэнтнае паступленне ў ВНУ – у Пугачоўскай школе (3 з 3-х), амаль 88 працэнтаў (29 з 33-х) – у гімназіі № 1 г. Валожына, 78 працэнтаў (21 з 29-і) – СШ № 1 райцэнтра. У сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы паступілі 42 адзінаццацікласнікі, ці 25,6 працэнта.
З 310 выпускнікоў дзявятых класаў 65 (21 працэнт) пакінулі школьныя сцены і пайшлі атрымліваць прафесію. Два з іх паступілі ў Мінскі абласны ліцэй, 53 – ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку 35 – у наш мясцовы ліцэй.
Наш кар.


