Гаворачы аб новым дзіцячым садку нельга не ўспомніць яго няпростую гісторыю. Да верасня адзіная дашкольная ўстанова Івянца размяшчалася ў будынку 1938 года пабудовы. Каб зразумець, наколькі гэта было даўно, прывядзем гістарычны факт: тады сучасная тэрыторыя Валожынскага раёна знаходзілася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
Такім раней быў гэты дзіцячы сад
Справядлівасці дзеля адзначым: «прапіску» ў гэтым будынку дзіцячы сад атрымаў далёка не адразу. У савецкія часы тут знаходзіўся Касцёва-туберкулёзны дыспансер, а дашкольная ўстанова пераехала сюды ў канцы сямідзесятых. Безумоўна, педагогі робяць усё, каб стварыць для дзетак максімальна камфортныя ўмовы знаходжання. Аднак па планіроўцы дзіцячы сад не падыходзіць як мінімум па санітарных нормах.
Так ці інакш, размовы аб будаўніцтве новага дома для дашкалят хадзілі даўно. Адносная канкрэтыка з'явілася восем гадоў таму - тады ўзвядзенне будынка ўключылі ў Праграму развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі, аднак будаўніцтва па шэрагу прычын так і не пачалося. Доўгачаканыя працы стартавалі ў снежні 2019-га. Да гонару будаўнікоў, справіліся яны аператыўна. Як прызнаецца мама маленькіх Аляксандры і Ксеніі Людміла Петрашкевіч, мясцовыя жыхары садка чакалі з нецярпеннем і нават хваляваннем.
- Я шмат маю зносін з івянчанамі і магу з упэўненасцю сказаць: увесь пасёлак ганарыцца, што такую прыгажосць пабудавалі менавіта ў нас. У нашым пасёлку вельмі многа шматдзетных сем'яў. Пакуль унутры мы яшчэ не былі і ўсяго хараства не бачыла. Думаю, мы не расчаруемся. Па расказах людзей, там зроблена ўсё па вышэйшым разрадзе, - сказала жанчына.
Людміла адзначыла і выгаднае месцазнаходжанне садка. Ён знаходзіцца праз дарогу ад школы.
- Гэта вельмі зручна. Бо ў многіх сем'ях дзеці ходзяць у школу, і ў сад. - кажа івянчанка.
Адкрыццё садка - свята не толькі для дзяцей, але і персаналу. Усяго ў адукацыйным працэсе задзейнічаюць 24 педагогі. Сярод іх як прызнаныя прафесіяналы, так і маладыя спецыялісты.
- Калі параўноўваць стары і новы садок, то розніца каласальная. Тут ёсць усе ўмовы для развіцця дзяцей. Гэта асабліва важна ў такіх невялікіх населеных пунктах, як Івянец. Вядома, дзеткам тут будзе камфортна. Дарэчы, ўсе 11 груп ўжо сфармаваны. І, спадзяемся, ўжо з панядзелка ўсе хлопцы, а іх 222, прыйдуць у новы будынак і прыемна здзівяцца — падзялілася эмоцыямі загадчыца Кацярына Мазанік.
Якія асаблівасці ёсць у новай дашкольнай установы? Па аснашчэнні дзіцячы сад нічым не саступае сталічным «субратам». У садзе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця дашкольнікаў. Малыя змогуць займацца ў сучасных залах: фізкультурным, музычным, харэаграфічным, а таксама наведваць басейн. Тут арганізавана работа пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, функцыянуе сэнсарны пакой, студыя канструявання, цэнтр пазнавальнага развіцця, арт-студыя, падрыхтаваны памяшканні для адаптацыйнай групы, і нават лаунж-зона для выхаванцаў. А для педагогаў створаны рэсурсныя цэнтры, інфармацыйна-метадычны цэнтр. У двары ўстановы абсталяваны гульнявыя пляцоўкі з верандамі і ценявымі навесамі, а таксама спецыяльныя пляцоўкі – агульная фізкультурная і для вывучэння правілаў дарожнага руху. Ва ўстанове будзе працаваць абсталяваны сучасным тэхналагічным абсталяваннем харчаблок і медыцынскi пакой.
А для кіраўніка вобласці Аляксандра Турчына арганізавалі невялікую экскурсію. Падчас яе ён пагутарыў з педагогамі. У прыватнасці, пацікавіўся ўмовамі працы і спецыфікай прафесіі.
- Тут ёсць усё для плённай працы – адзначыла падчас размовы з кіраўніком вобласці малады спецыяліст, педагог-дэфектолаг Алена Сярэбранікава. - Я толькі скончыла ўніверсітэт і вярнулася на размеркаванне ў родны Івянец. Прыемна пачынаць працоўны шлях, калі вакол усё новае - гэта надае матывацыю.
У цэлым, як адзначыў Аляксандр Турчын, новая ўстанова адукацыі адказвае ўсім сучасным запытам.
- Бо гэта не проста дзіцячы сад, а Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Тут ёсць свае асаблівасці і мяне яны парадавалі. У прыватнасці, шмат профільных кабінетаў, прызначаных для развіцця дзяцей.
На думку кіраўніка вобласці, адкрыццё падобнага аб'екта для Івянца – вялікая падзея.
- Думаю, вы выдатна ведаеце гісторыю будаўніцтва дзіцячага саду. Яго павінны былі ўзвесці даўно. Але, на жаль, гэтага не здарылася. Цяпер мы выпраўляем тое, што не здолелі дарабіць у свой час. Думаю, гэта добры падарунак для Івянца і ўсяго Валожынскага раёна.
Аляксандр Турчын акцэнтаваў увагу на тым, што абсалютным прыярытэтам для расходавання бюджэтных сродкаў у вобласці з'яўляецца сацыяльная, транспартная і інжынерная інфраструктура.
– Гэта тыя рэчы, якія дзяржава абавязана рабіць. Да канца года мы адкрыем як мінімум сем дашкольных устаноў у розных рэгіёнах вобласці. І мы на гэтым не спыняемся. Шмат праектаў стартавала сёлета. У прыватнасці, будаўніцтва школы ў Стоўбцах, дзіцячага садка ў Дружным і іншых аб'ектаў. Мы хочам літаральна за два-тры гады вырашыць найбольш вострыя праблемы сацыяльнай інфраструктуры.
Усяго на будаўніцтва дзіцячага садка сышло каля 10,4 млн рублёў. Для параўнання, за мінулы год iвянчане, як фізічныя і юрыдычныя асобы, так і прадпрымальнікі, пералічваюць падатковых адлічэнняў на суму каля 650 тысяч рублёў.
- Гэта немалыя грошы. Дадзены садок пабудаваны па тыпавому аб'екту. У сярэднім установа на 230 месцаў абыходзіцца ў 9,5 млн рублёў. Але гэта інвестыцыі ў нашу будучыню, на якіх эканоміць не варта, - сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.
Алесь Крупскі
Фота: Алена Таборка


