На бягучым тыдні на базе цэнтра бяспекі жыццядзейнасці, што працуе ў сярэдняй школе № 2 г. Валожына, адбылося адкрыццё кабінета віртуальнай рэальнасці.
На цырымонію завіталі старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Ігаравіч Сівы, дырэктар установы адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Уланчык.
Супрацоўнік РАНС Людміла Аляксандраўна Сівец прадэманстравала шаноўным гасцям, як будзе праходзіць навучанне ў віртуальнай рэальнасці. Спачатку, надзеўшы спецыяльны шлем і ўзяўшы ў рукі джойсцікі, школьнікі вучацца неабходным у далейшым дзеянням: хадзіць, бегаць, браць у рукі прадметы, хватаць іх. Затым рабятам прапануецца адна з чатырох праграм: «Пажар у доме», «Пажар у лесе», «Арыентаванне ў лесе», «Пажар на хімічна небяспечным аб’екце». Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем акунаюцца ў працэс, і ў іх хутка ўсё атрымліваецца. Тое, што школьнікі бачаць у спецыяльных акулярах, адлюстроўваецца на экране камп’ютара. І той, хто праводзіць заняткі, лёгка кантралюе сітуацыю, бачыць усе памылкі і недахопы, дае парады для далейшых дзеянняў. Апрабаваць новыя прыборы выказала жаданне і Таццяна Мікалаеўна, дарэчы, яна хутка асвоілася і добра справілася з пастаўленай задачай патушыць пажар у доме.
Таксама ўдзельнікі мерапрыемства наведаліся ў кабінет для заняткаў, куды нядаўна былі закуплены чатыры планшэты і тумбы пад іх. Цяпер тут можна прайсці тэсціраванне дзецям малодшага, сярэдняга ўзросту і дарослым. У выніку камп’ютар, да якога падключаны планшэты, выдае статыстыку па кожным тэсце, і ў таго, хто не адказаў правільна на нейкія пытанні, ёсць магчымасць выправіць свае памылкі.
Радуе, што цэнтр папаўняецца такімі цікавымі, прагрэсіўнымі прыстасаваннямі і праграмамі, якія даюць магчымасць навучыць дзяцей бяспечным паводзінам і дзеянням у экстрэмальных сітуацыях.


