Таццяна Анатольеўна Шыдлоўская працуе ў Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў імя К. І. Паплаўскага трыццаць два гады, шэсць з іх на пасадзе дырэктара ўстановы адукацыі.
Яшчэ ў дзяцінстве Таццяна Анатольеўна звязала сваё жыццё з музыкай: займалася ў Івянецкай школе мастацтваў па класе фартэпіяна, тут жа працаваў яе бацька, які выкладаў ігру на баяне. Затым было Маладзечанскае музычнае вучылішча, і ў выніку жынчына вярнулася працаваць у родны, такі мілы сэрцу пасёлак.
Кіраўнік ганарыцца, што з 2015 года ва ўстанове штогод ладзіцца адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага, а ў 2017-м установе прысвоена імя гэтага знакамітага земляка.
Мінулы навучальны год для школы мастацтваў быў вельмі цікавым, насычаным і прынёс шмат выдатных перамог. Ансамбль старадаўняй народнай музыкі «Рарог» у IX Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі, атрымаў Дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «Спадчына. Ансамбль». А ў III Міжнародным фестывалі-конкурсе вакальнай і інструментальнай музыкі «Fern Flower International» («Папараць-кветка») гэты калектыў у намінацыі «Інструментальная творчасць. Ансамблі» быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені. Саліст ансамбля Павел Райко ў намінацыі «Iнструментальная музыка. Сола. Народныя інструменты» выканаў папуры на творы беларускіх кампазітараў на народным музычным інструменце беларуская дуда і таксама атрымаў дыплом лаўрэата 1-й ступені.
Парадавалі сваімі здабыткамі і выхаванцы мастацкага аддзялення. У Рэспубліканскім конкурсе дзіцячага малюнка «Спадчына» Эмілія Карніцкая і Дар’я Ляшчынская заваявалі дыпломы лаўрэатаў III ступені.
Сама Таццяна Анатольеўна, акрамя таго, што кіруе ўстановай, выкладае ігру на фартэпіяна, з’яўляецца мастацкім кіраўніком аматарскага ансамбля народнай песні «Вянец», які быў створаны ў 2016 годзе. Калектыў школы мастацтваў прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што ладзяцца ў пасёлку і раёне. Іх выступлені заўсёды чакаюць і высока цэняць удзячныя паклоннікі.
Анжэла РАДЫНА


