Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Каранавірус побач!

13.11.2020

На сувязь выйшаў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Альфрэд Зянонавіч НЕХВЯДОВІЧ.

Альфрэд Зянонавіч, на чым пры падрыхтоўцы чарговага артыкула на тэму COVID-19 раіце спыніць увагу?

– На прафілактыцы! Людзі павінны ведаць: другая вірусная хваля цяжэйшая. Па-першае, хварэюць часцей, па-другое, захворванне працякае больш складана. Нават тыя, для каго самыя непрыемныя моманты – ужо гісторыя, яшчэ доўга адчуваюць наступствы захворвання. Яны не могуць пазбавіцца ад млявасці, праблем з дыханнем, аднавіць апетыт і паўнацэнны сон. Таму кожны павінен выкарыстаць любую магчымасць, каб не дапусціць заражэння. Даўно даказана: сродкі, што закрываюць органы дыхання, – добрае выйсце. Калі пры гэтым пазбягаць людных месцаў, а падчас наведвання магазінаў ці іншых устаноў (толькі пры неабходнасці!) ні да каго блізка не падыходзіць, заражэння не адбудзецца. Маскі, антысептыкі, дыстанцыраванне – не істэрыя, а шанц хаця б запаволіць імклівае распаўсюджанне віруса і тым самым не дапусціць калапсу работы медустаноў.

Вядома, што ў нашым шпіталі аказваецца дапамога і жыхарам іншых раёнаў, таму валожынцы турбуюцца, ці хопіць месцаў нашым людзям – вельмі ж не хочацца ў цяжкую часіну аказацца далёка ад родных мясцін. Дома ж і сцены дапамагаюць…

– Апошнім часам захварэўшыя ў асноўным шпіталізуюцца па месцы жыхарства. І трэба ведаць, што лячэнне – гэта працэс: хтосьці паступае ў стацыянар, хтосьці выпісваецца.

Нас непакоіць аснашчанасць шпіталя абсталяваннем і медыкаментамі.

– Калі маеце на ўвазе апараты ІВЛ, іх хапае. У дадзены момант, напрыклад, усе свабодныя. Апарат ІВЛ – сродак рэанімацыйны, выкарыстоўваецца тады, калі чалавек губляе здольнасць дыхаць самастойна. Што тычыцца лякарстваў, тут праблем няма.

Ва ўсіх на слыху слова «КТ». Многія кідаюцца праходзіць гэта даследаванне пры першых сімптомах недамагання…

– Камп’ютарная тамаграфія робіцца па паказчыках. Калі яна патрэбна, высвятляе ўрач. Галоўнае пры дыягностыцы кавіднага запалення лёгкіх, на якім узроўні трымаецца сатурацыя (працэнт насычэння крыві кіслародам). У норме павінна быць не ніжэй за 95%. Калі паказчык зніжаецца – дрэнна, можа спатрэбіцца інтэнсіўная тэрапія. Таксама пры каранавірусе неабходна сачыць за тэмпературай цела і быць на пастаяннай сувязі з медыкамі. Вельмі важна не панікаваць. Тым, хто лечыцца дома, паказана шчодрае піццё, для зніжэння тэмпературы – парацэтамол. Каб пазбегнуць застойных з’яў у лёгкіх пры запаленні, неабходны хаця б мінімальны рух, выкладванне на жывот (можна пад верхнюю частку грудзей і пад таз падкладваць валікі, каб грудзі не сціскаліся). Але яшчэ раз нагадваю: каранавірус, як і іншае захворванне, лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму: будзьце пільнымі!

– Дзякуй! Поспеху Вам, Вашым калегам і пацыентам!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ (фота «Нехвядовіч»)

Задайте вопрос