24 снежня ў Валожыне прайшло традыцыйнае навагодняе шэсце Дзядуляў Марозаў і Снягурак.
Сёлета гэта відовішчнае мерапрыемства адбылося ў абноўленым фармаце: па-першае, казачны парад распачаўся ў 15 гадзіне – каб яго маглі пабачыць як мага больш гледачоў, ды і агеньчыкі галоўнай ёлкі ў прыцемках засіялі намнога ярчэй, чым удзень; па-другое, упершыню самыя галоўныя і важныя навагоднія персанажы выканалі жаданні некаторых дзяцей, якія прынялі ўдзел у акцыі «Ёлка жаданняў».
Пад касым і даволі шпаркім дажджом, але з музыкай, песнямі, танцамі, хараводамі, загадкамі сустракалі надыходзячы Новы 2020-ы год адзінаццаць ярка апранутых у чырвоныя каптаны Дзядуляў Марозаў і іх абаяльных сімпатычных унучак Снягурак. Сваіх прадстаўнікоў накіравалі : райаграпрамтэхніка, жыллёва-камунальная гаспадарка, масласырзавод, ільнокамбінат, лясгас, санстанцыя, пошта, сувязь, дарожнікі, Цэнтр дзіцячай творчасці і ліцэй. Казачныя героі віталі прысутных прыгожымі віншаваннямі і пажаданнямі, частавалі цукеркамі.
Трэба сказаць, што прысутных сабралася нямала. Самымі вясёлымі і непасрэднымі, безумоўна ж, былі дзеці: яны шчыра радаваліся такой вялікай колькасці Дзядуляў Марозаў і Снягурак, прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і гульнях. А калі надыйшоў час запальваць ёлку, шчыра, з надзеяй і хваляваннем вымаўлялі чароўныя словы заклінанняў і воклікамі гучна вымаўлялі: «Гары, наша ёлачка, гары, раз, два, тры!», а пасля ўсе разам праспявалі вядомую многімі пакаленнямі навагоднюю песню «У лесе нарадзілася ёлачка».
Асаблівым стала тэатралізаванае прадстаўленне для некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак раёна, якія пакідавалі свае жаданні на чароўнай ёлачцы, што была ўстаноўлена ў дзіцячай бібліятэцы. Жаданыя падарункі атрымалі дзеці з 7 шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама 4 дзеці-інваліды.
Кульмінацыяй свята стала падвядзенне вынікаў на лепшую і крэатыўную пару навагодніх персанажаў. Бясспорнымі пераможцамі прызнаны Дзядуля Мароз і Снягурка з Цэнтра дзіцячай творчасці, на другой прыступцы – прадстаўнікі з масласырзавода, трэцяе месца прысуджана райаграпрамтэхніцы.
Наш кар.


