Юным баскетбалістам Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы
пашанцавала напярэдадні навагодняга свята атрымаць падарунак ад
губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Генрыхавіча Турчына.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” на трэніроўку аматараў аднаго з самых
папулярных гульнёвых відаў спорту завітаў старшыня райвыканкама Яўгеній
Міхайлавіч Круковіч. Менавіта кіраўнік раённай улады перадаў набор
баскетбольных мячоў будучым спартыўным зоркам Валожыншчыны, а,
магчыма, і Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік раёна павіншаваў выхаванцаў ДЮСШ з надыходзячым
Новым годам і пажадаў кожнаму з іх прыкладваць значныя намаганні дзеля
таго, каб множыць гонар і славу ўстановы, што займаецца іх падрыхтоўкай.
Была выказана надзея на тое, што юнакі не аднойчы дадуць падставу для
гонару сваім землякам, а бацькі і родныя змогуць радавацца іх моцнаму
здароўю і поспехам ва ўсіх справах.
Адзін з самых папулярных кірункаў – баскетбол. Большасць
наведвальнікаў як пачаткова-падрыхтоўчых, так і вучэбна-трэніровачных груп
– хлопчыкі, але і сярод дзяўчынак ёсць тыя, хто свядома выбірае менавіта
гэту рухавую і па-сапраўднаму камандную гульню.
Трэніруюцца юныя баскетбалісты пад кіраўніцтвам маладога, але перспектыўнага трэнера Уладзіслава Вячаслававіча Галоўчыка. Малады чалавек паспяхова скончыў Пінскі дзяржаўны ўніверсітэт і вось ужо тры гады з задавальненнем дзеліцца вопытам і навыкамі з юнымі валожынцамі. Педагог сцвярджае, што ў нашым райцэнтры хапае рэзерву для стварэння каманд па многіх відах спорта. Відавочна, што гэтаму спрыяе і дастатковасць
пляцовак, дзе можна ладзіць заняткі.
Падлеткі з радасным бляскам у вачах дзякавалі за ўвагу да іх каманды з боку прадстаўнікоў улады і паабяцалі спартыўнымі перамогамі аддзячыць за такі шыкоўны падарунак. Як сказаў 16-гадовы вучань гімназіі № 1 г. Валожына Сяргей РАГЕЛЬ: “Баскетбол – маё любімае захапленне. Думаю, новенькія прафесійныя мячы нададуць нам яшчэ больш азарту ў гульні і дапамогуць выйграваць у спаборніцтвах. Мы будзем вельмі старацца!”


