- Што змянілася за гады вашай службы?
- Працаваць я пачаў у 1996 годзе ў пасадзе старэйшага пажарнага ваенізаванай пажарнай часткі № 1 г. Валожын. У той час караул заступаў у колькасці 5 чалавек, у падраздзяленні былі дзве машыны ЗІЛ-130 і УРАЛ. Вядома, з часам аснашчанасць машын палепшылася, ды і аўтапарк абнавіўся. З'явілася шмат новага абсталявання: бензарэзы, бензапілы, гідраўлічны інструмент, а на змену цыстэрне на базе ЗІЛ прыйшлі больш новыя машыны МАЗ з вялікім аб'ёмам вогнетушачага рэчыва. Са з'яўленнем гэтага аўтамабіля працягласць работы на пажары без запраўкі цыстэрны павялічылася ў разы. Змяніліся і бытавыя ўмовы, з'явілася мікрахвалевая печ, пральная машына, змяніўся пакой адпачынку і спартклас.
- Якія запамінальныя пажары або надзвычайныя сітуацыі адбыліся за гады службы?
- За больш чым два дзесяткі гадоў было шмат выездаў на ліквідацыю пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. Цяжка дзяліць усе выезды на запамiнальныя ці не, на складаныя ці простыя. Кожны раз, калі паступае выклік, перажываеш, толькі бы ніхто не пацярпеў. Чакаеш, калі па радыёстанцыі скажуць, ці ёсць у палаючай хаце людзі. У любым выпадку, нават калі гарыць невялікая гаспадарчая пабудова, для гаспадароў - гэта бяда, страчаная маёмасць.
- Ці памятаеце Вы свой першы пажар?
- Вядома, памятаю, гэта было загаранне гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Капусціна. Як аказалася, гаспадары наводзілі парадак на прысядзібным участку, спальвалі смецце, але з-за ветранага надвор'я вогненная стыхія выйшла з-пад кантролю. Дзякуючы зладжаным дзеянням асабістага складу нам удалося адстаяць дом і іншыя пабудовы. На шчасце, на гэтым пажары не пацярпелі людзі.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жалнерчык узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені, таксама ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь «Выдатнік», памятным нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь «10 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях».
За час службы Міхаіл Міхайлавіч навучыў не адзін дзясятак маладых байцоў. І кожны з іх з асаблівай павагай ставіцца да гэтага чалавека, бо ён іх настаўнік, калега і сябар, які дапамог ім зразумець усе асаблівасці і тонкасці ратавальнага рамяства.


