Дадзены аб'ект - адзіны аб'ект у Валожынскім раёне, у вытворчасці якога выкарыстоўваецца хімічна небяспечнае рэчыва - аміяк. І хоць колькасць небяспечнага рэчыва, якое абарочваецца ў вытворчасці і невялікая, у магчымую зону хімічнага заражэння трапляюць работнікі аб'екта.
Паводле легенды, у выніку рамонтных работ адбылася разгерметызацыя трубаправода і ўцечка аміяку ў памяшканні аміячнай кампрэсарнай. Падзеі разгортваліся даволі імкліва. У дадзеным выпадку былі вельмі важныя дзеянні работнікаў прадпрыемства, у прыватнасці аварыйнай брыгады самога цэха. Персанал павінен быў знайсці месца разгерметызацыі і перакрыць трубаправод для выключэння далейшага выкіду атрутнага рэчыва, прывесці ў дзеянне стацыянарную арашальную сістэму. Работнікі МНС, якія прыбылі да месца аварыі, у спецыяльных ахоўных касцюмах эвакуіравалі пацярпелага з цэха і для абмежавання распаўсюджвання атрутнага воблака стварылі вадзяную заслону, а ў месцы ўцечкі наклалі спецыяльны бандаж.
– Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, асабісты склад з задачай справіўся. Сэнс правядзення падобных мерапрыемстваў у трэніроўцы навыкаў, адпрацоўцы тактыкі і ўзаемадзеяння розных структур, у тым ліку першасных дзеянняў адміністрацыі аб'екта. Прыцягваюцца медыкі, работнікі газавай службы, міліцыі. Акрамя таго, мы на справе даведаемся пра асаблівасці таго ці іншага аб'екта, - распавёў начальнік варты Яўген Матлашук.


