Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Прафесіі іх сутнасць – Радзіму абараняць

23.02.2021

Напярэдадні аднаго з самых папулярных у нашым грамадстве свят – Дня абаронца Айчыны – мы сустрэліся з людзьмі, якія па праве маюць гэты высокі статус. Лёс кожнага з іх звязаны са службай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Яны шчыра падзяліліся сваім стаўленнем да даты 23 лютага, расказалі пра сямейныя традыцыі, не адмовіліся паразважаць і на тэму патрыятычнага выхавання. А яшчэ папрасілі даслаць віншаванні са святам усім грамадзянам Валожыншчыны, у першую чаргу тым, хто стаяў ці стаіць сёння на варце роднай зямлі і свайго народа, – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, калегам з брыгады, яе ветэранам.

Ульяна Міхайлаўна УНУЧАК носіць ваенную форму і пагоны. Яна – радавы кантрактнай службы, аператар. Знешнасць гэтай прыгажуні лёгка ўвядзе ў зман любога, хто з ёй не знаёмы. У першыя хвіліны сустрэчы можна падумаць, быццам перад табой мадэль ці артыстка. Таму, даведаўшыся, што маеш справу з дыпламаваным інжынерам-механікам, вельмі здзіўляешся. Так, чароўная бландзінка зусім не летуценніца, наадварот, і кірунак, па якім атрымлівала адукацыю, і прыход у часць – рашэнні свядомыя і добра прадуманыя. Родныя – бацькі і брат Аляксандр (дарэчы, капітан) – ва ўсім падтрымліваюць дзяўчыну. Пакуль не прайшло года, як на пляцы часці прагучаў яе голас – Ульяна прынесла воінскую прысягу. Хоць служыць няшмат, але патрэбныя для гэтага веды спасцігае з азартам і натхненнем. Да неабходнасці насіць форму ставіцца лёгка, прытрымлівацца статута ёй таксама няцяжка. Юная асоба з моцным характарам мае безліч захапленняў. Сярод іх – сур’ёзнае кіно. Што б параіла паглядзець моладзі? Ваенную драму “Брэсцкая крэпасць”. Чаму? Вельмі яскрава паказвае: вайна – гэта жах, таму лепш усе пытанні вырашаць мірным шляхам.

Рамуальд Уладзіміравіч ВАЙНІЦКІ аддаў ваеннай справе шмат гадоў. Сем з палавінай служыў у якасці камандзіра воінскай часці 30695. Што будзе афіцэрам, ураджэнец Вішнева зразумеў у раннім дзяцінстве. Якія моманты натхнілі на такое рашэнне? Бацькавы аповеды пра службу на Камчатцы, фільмы і кнігі пра вайну, а таксама армейская газета “Чырвоная зорка”, якую сям’я выпісвала з году ў год. Канчаткова рашэнне наконт выбару прафесіі прыняў, калі ў старэйшых класах стаў наведваць урокі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. “Гэта маё,” – далажыў спачатку сабе, а затым бацькам. Яго зразумелі і падтрымалі. Гэтак жа праз шмат гадоў палкоўнік Вайніцкі падтрымаў свайго сына, зараз ужо падпалкоўніка.

Рамуальд Уладзіміравіч – ваенны інжынер з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам. Ён з бязмежнай павагай ставіцца да гісторыі сваёй брыгады, яе ветэранаў, пры любой магчымасці выказвае словы падтрымкі сучаснаму пакаленню ваеннаслужачых. Аднак падкрэслівае: любы чалавек, незалежна ад таго, служыў ён у арміі ці не, павінен адчуваць сябе абаронцам. І не толькі ў святочны дзень. Служэнне Радзіме і свайму народу – гэта пастаянная, адданая праца на сваім месцы, а таксама любоў і павага да суайчыннікаў.

Падпалкоўнік Ігар Васільевіч СТАСЯЛОВІЧ прызнаецца, што са святам звязаны вельмі прыемныя дзіцячыя ўспаміны. Менавіта ў гэты дзень яму і іншым хлопчыкам – гадаванцам дзіцячага сада – дзяўчынкі ўручалі падарункі. Традыцыя мела працяг і ў школьныя гады. Афіцэр упэўнены: гэта быў вельмі правільны выхаваўчы момант. Дзякуючы яму з кожным святочным днём прыходзіла ўсведамленне, што Дзень абаронца Айчыны не проста нагода для радасці. 23 лютага дазваляе хлопчыкам паступова адчуваць сябе мужчынамі, падкрэслівае наяўнасць брутальных рыс у іх характарах. Ігар Васільевіч раіць абавязкова адзначаць Дзень абаронца ў дзіцячых і маладзёжных калектывах, бо менавіта такія моманты спрыяюць патрыятычнаму настрою і фарміраванню станоўчых адносін да службы ў арміі. А яшчэ, сцвярджае падпалкоўнік Стасяловіч, кожны малады чалавек павінен ведаць сямейную гісторыю, ганарыцца продкамі. Напрыклад, яго дзед быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дайшоў амаль да самога Берліна, меў медаль “За адвагу”. Сёння б дзядуля парадаваўся за ўнука, яго дружную сям’ю і годны шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна.

Ігар Васільевіч выказаў надзею, што валожынская моладзь заўсёды будзе сябраваць са спортам, весці здаровы лад жыцця і нікому з іх ніколі не захочацца пазбягаць службы ў арміі – выключнай школы сталення.

Салдату тэрміновай службы Уладзіміру Сяргеевічу ЛІНКЕВІЧУ служыць засталося тры месяцы. Хутка, вельмі хутка юнак развітаецца з армейскім жыццём. У маладога інжынера і ўдзельніка многіх арт-праектаў безліч планаў на бліжэйшую будучыню. Самае ж галоўнае – як мага хутчэй абняць матулю, бацьку, чатырох братоў і дзвюх сястрычак. Уладзімір вырас у такой сям’і, дзе кожны з маленства мог адчуваць сябе асобай, выказваць меркаванні і ўносіць прапановы. Аднак і да дысцыпліны, падтрымання агульнага парадаку яго і іншых дзяцей прывучалі без скідак на ўзрост. У дзяцінстве ён даведаўся пра прадзеда, што абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць пра баявога сваяка і аўтарытэт бацькі – аднаго з самых паважаных святароў на Валожыншчыне, які ў свой час адстужыў у паветрана-дэсантных войсках, спрыялі таму, што юнак, хоць заўсёды шмат часу прысвячаў творчасці, спакойна і з павагай ставіўся да неабходнасці прайсці тэрміновую службу. Сёння, калі рыхтуецца нанова прывыкаць да грамадзянскага жыцця, на сто працэнтаў упэўнены: армія павінна быць у жыцці кожнага мужчыны. Што тычыцца талентаў, дык яны і тут патрэбны. Уладзімір Лінкевіч – пастаянны ўдзельнік канцэртаў, фестываляў, песенных конкурсаў, падчас якіх на працягу службы абараняў гонар Валожынскай часці.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара