Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Любоўю да Радзімы дыхаю

12.10.2021

Ваенна-патрыятычнае выхаванне – гэта працэс мэтанакіраванага сістэматычнага ўздзеяння на духоўнае і фізічнае развіццё асобы, прывіццё ёй любові да Радзімы. Вядучая роля ў фарміраванні ваенна-патрыятычнага выхавання і паспяховай сацыялізацыі вучняў належыць установе адукацыі.

7 кастрычніка ў Багданаўскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа была праведзена ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, прымеркаваная да ХІ педагагічнага марафону “Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм – ключавы рэсурс адукацыі Міншчыны”. Мэта гульні – прывіццё любові да Беларусі, фарміраванне ў вучняў устойлівага жадання садзейнічаць росквіту краіны і імкнення абараняць у выпадку неабходнасці.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзве каманды: “Полымя” і “Арбалет”, якія аб’ядналі вучняў 8 і 9 класаў. Жаданне праявілі не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Галоўным “камандуючым” стаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Іосіф Баляслававіч Гардынец.

Пачатак быў традыцыйным: агульнае пастраенне, выступленне дырэктара ўстановы адукацыі Марыны Ізыдораўны Мароз, якая павіншавала ўдзельнікаў і пажадала вялікага зараду бадзёрасці. Камандзіры здалі рапарты, суддзі праверылі гатоўнасць кожнай каманды.

Гульня праходзіла вельмі дружна і арганізавана. Кожны разумеў, што, сапраўды, “адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”. Праграма прадугледжвала праходжанне этапаў, на якіх выконваліся розныя заданні. Першым выпрабаваннем стаў страявы агляд. Вучні паказалі высокі ўзровень страявой падрыхтоўкі. Маршыраванне, перастраенні, правільныя і дакладныя каманды характарызаваліся выразнымі і зладжанымі рухамі, якія не засталіся па-за ўвагай прысутных. Свае інтэлектуальныя здольнасці ігракі паказалі падчас пытанняў ваеннай тэматыкі, калі гучалі цікавыя і змястоўныя адказы. Удзельнікі кідалі гранату ва ўмоўны танк, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі ў цэль, арыентаваліся на мясцовасці, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, выконвалі фізічныя практыкаванні.

Усе этапы праходзілі ў напружанай барацьбе. Балельшчыкі пільна сачылі за ходам спаборніцтваў, класныя кіраўнікі заўзята падтрымлівалі свае каманды і хваляваліся. Спартыўны запал і жаданне перамагчы захаплялі: усе стараліся паказаць лепшы вынік. Суддзям прыйшлося нялёгка: каманды настолькі добра выступалі, што вызначыць лепшых было складана. У выніку – нічыя. Каманды набралі роўную колькасць балаў.

Несумненна, “Зарніца” дала школьнікам безліч станоўчых эмоцый і ўражанняў, магчымасць рэалізацыі індывідуальных навыкаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, спрыяла выхаванню патрыятызму.

Алена ГАРДЫНЕЦ,

настаўніца беларускай мовы

«ПРАЦОЎНАЯ СЛАВА»

Задайте вопрос