У рамках акцыі «Моладзь за бяспеку!» юныя ратавальнікі Валожыншчыны здзейснілі велапрабег па памятных месцах. Сваё падарожжа хлопцы пачалі ад сваёй роднай школы, дзе размешчаны помнік вызваліцелям горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рухаючыся па вызначаным маршруце, юныя ратавальнікі спыняліся ля кожнага мемарыяла, каб ушанаваць памяць загінуўшых у тыя жудасныя гады вайны. Канчатковым пунктам велапрабегу стаў помнік «Журботная маці», які быў усталяваны ў 1961 годзе на магіле вязняў гета, дзе ў верасні 1942 года немцы замучылі і расстралялі 1000 яўрэяў. У 2015 годзе туды былі перапахаваны астанкі забітых яўрэяў, знойдзеных падчас будаўнічых работ на побач размешчаным стадыёне, а ўвесь мемарыял быў рэканструяваны і абноўлены. Жыхары горада і раёна заўсёды будуць памятаць аб трагедыі. Пра гэта ім будзе нагадваць чорная мемарыяльная пліта ля помніка журботнай маці.
- Вялікая Айчынная вайна - страшная трагедыя для ўсяго чалавецтва. У ёй загінулі людзі розных краін, але асабліва вялікую страту панёс беларускі народ - кожны трэці загінуў на нашай зямлі. На жаль, памірала вельмі шмат мірных грамадзян. Фашысты не шкадавалі нікога. У нашай краіне робіцца ўсё, каб мы ніколі не забывалі аб ахвярах вайны. Калі мы будзем ведаць гісторыю, то не дапусцім трагедыі ў будучыні , - з такімі словамі звярнуўся да ўдзельнікаў велапрабегу юны выратавальнік Канстанцін.


