Антаніна ТРАЦЭЎСКАЯ,
старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:
– Пачну з таго, што гэты год асаблівы ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй. Чырвоны Крыж распрацаваў мерапрыемствы ў асноўным па аператыўным рэагаванні на сітуацыю, звязаную з COVID-19. Як работнік структуры была праінфармавана і абучана рабоце з валанцёрамі па распаўсюджванні ведаў пра кавід. Мінская абласная арганізацыя для забеспячэння супрацоўнікаў і валанцёраў сродкамі індывідуальнай абароны перадала ўсё неабходнае. Для інфармавання насельніцтва раздаваліся лістоўкі.
Да нас у раённую арганізацыю прыходзіць вельмі многа людзей. Заўсёды захоўваю патрэбныя меры перасцярогі: надзяваю пальчаткі, маску, апрацоўваю рукі дэзынфікуючымі сродкамі – лічу, што ўсё гэта абараняе нас. Каб засцерагчы сябе і блізкіх, варта абавязкова прытрымлівацца правіл.
Сёння хачу падзяліцца з чытачамі, як захварэла, нягледзячы на меры перасцярогі. Думаю, што гэта адбылося ў мяне дома падчас размовы з чалавекам, які таксама не ведаў, што захварэў: я знаходзілася без маскі. Праз пэўны час захварэла і сама.
Усё пачалося з нясцерпнага галаўнога болю – у асноўным, ён адчуваўся ноччу. Не ведала, як лепш пакласці галаву, каб крыху палягчэла. Пасля пачала балець спіна, узнімацца тэмпература: напачатку крыху больш за 37 градусаў. Стан на прастуду не падобны – без насмарку і кашлю. Захварэла 9 красавіка. Да ўрача звярнулася толькі 12-га, бо назіралася вялікая слабасць. Узялі аналіз і накіравалі на рэнтген, пасля чаго паставілі дыягназ – двухбаковае запаленне лёгкіх.
Напачатку лячылася дома. Адначасова захварэў і муж: ён, дарэчы, перанёс хваробу ў лёгкай ступені. Да нас дадому прыязджала “хуткая дапамога”, медыкі сачылі за станам здароўя. Пасля пачала паднімацца тэмпература да 39,6 градуса, якую нічым немагчыма было збіць. Мне сказалі збірацца ў бальніцу. Адчувалася такая незразумелая слабасць, што нават проста апрануцца было цэлым выпрабаваннем – не хапала сіл і паветра. З-за таго, што ў Валожыне бальніца была закрыта, нас на “хуткай дапамозе” павезлі ў Вілейку. Са мной разам ехаў Мікалай Рыгоравіч Пачыкоўскі, былы начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна. У дарозе настолькі дрэнна сябе адчувалі, што гаварыць не маглі. Толькі ў прыёмным пакоі ён сказаў, што не ўсе лекі пераносіць арганізм. КТ пацвердзіла паражэнне лёгкіх.
Зараз страшна ўсё ўспомніць. Чатыры ўколы ў жывот у суткі для разрэджвання крыві. Ляжаць толькі на жываце, дыхаць кіслародам увесь час. Кожны дзень па 5 кропельніц. Была такая слабасць, што двойчы губляла прытомнасць. Каб дайсці па калідоры да туалета, бралася за сцены, часам здавалася, што не дайду. Нават даглядаць за сабой не было сіл – сама сябе не пазнавала. Адначасова са мной ляжалі яшчэ некалькі чалавек з Валожына. У палаце знаходзіліся шасцёра – кожны са сваёй гісторыяй: некаторыя заразіліся на пахаванні блізкіх, некаторыя збіраліся каля аўталаўкі без захавання мер перасцярогі… Ва ўсім аддзяленні хворых было 53 чалавекі.
Увогуле, маё лячэнне доўжылася паўтара месяца. Хочацца асабліва адзначыць, што медыцынскі і абслуговы персанал працаваў, як пчолкі. Кожны на рабочым месцы добрасумленна і старанна выконваў свае абавязкі – адпрацаваць цэлую змену ў сродках абароны ой як няпроста. Хочаццца нізка пакланіцца ім у ногі і падзякаваць за выратаванне! Асаблівыя словы ўдзячнасці нашаму галоўнаму ўрачу Паўлу Алегавічу Ганчару, майму ўчастковаму тэрапеўту Віктару Пятровічу Хаткевічу. Дзякую Богу кожны дзень, што выйшла адтуль жывой. Пры выпісцы даведалася, што майго спадарожніка, харошага чалавека, М. Р. Пачыкоўскага не стала…
Ужо дома пасля бальніцы ўзніклі праблемы з кішэчнікам. Яшчэ два тыдні лячылася. Моцна пачалі выпадаць валасы, сталі распадацца зубы. Я так падрабязна апісала гісторыю хваробы, каб усе ведалі і зразумелі, наколькі гэта сур’ёзна і страшна.
Шаноўныя валожынцы, засцеражыце сябе, пашкадуйце сваіх блізкіх і родных, захоўвайце ўсе меры перасцярогі і абавязкова прышчапіцеся. Будзьце здаровыя і не хварэйце!


