Педагагічная дынастыя… Строга і высакародна гучаць гэтыя словы. Яны падкрэсліваюць талент і адукаванасць людзей, якія абралі сваёй прафесіяй навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Адно мудрае выслоўе гаворыць: “Дзеці павінны атрымаць ад нас, па-першае, карані, па-другое, крылы”. Бацькі не могуць вызначыць дарослае жыццё, але могуць даць кірунак, сілу і ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху. Мая гісторыя таму пацвярджэнне. Педагагічная дынастыя Станкевічаў-Турскіх складаецца з чатырох пакаленняў, як эстафету, мы перадаём ганаровае званне – настаўнік. І няхай мае продкі выкладалі розныя прадметы, але ўсіх іх аб’ядноўваюць прафесіяналізм, імкненне да творчасці, строгая патрабавальнасць да сябе і жаданне аддаваць сэрца дзецям.
У цяперашні час дынастыя Станкевічаў-Турскіх налічвае 18 чалавек “кроўных”, а з нявесткамі і зяцямі – 28 чалавек. Агульны педагагічны стаж сям’і ўнушальны – больш за 700 гадоў. Многія прадстаўнікі нашай педагагічнай дынастыі пачыналі, а іншыя працягвалі працоўную дзейнасць на Валожыншчыне.

Аляксандр Аляксандравіч ТУРСКІ.
ЗАСНАВАЛЬНІК ДЫНАСТЫІ
Дынастыя Станкевічаў сваімі каранямі сыходзіць у XIX стагоддзе. Менавіта тады яе заснавальнік, адзін з братоў майго прадзеда Ігнат Вікенцьевіч (1893 г. н.) скончыў Санкт-Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. Але, на жаль, папрацаваць яму давялося вельмі мала, у дваццацігадовым узросце ён памёр.
Прадзед Мікалай Вікенцьевіч і прабабуля Еўдакія Аляксееўна Станкевічы выгадавалі двух сыноў і дачку. Старэйшы сын Іван скончыў настаўніцкія курсы, некалькі гадоў працаваў настаўнікам геаграфіі ў Адампольскай пачатковай школе. Але прафесія яго не зацікавіла і ён пайшоў на шарыкападшыпнікавы завод.

Леакадзія Аляксееўна ТУРСКАЯ (Станкевіч).
УНУЧАКІ
Дачка Лідзія Мікалаеўна два гады вучылася ў інстытуце ў Маладзечне, а затым у Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага, атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Такую ж адукацыю меў і яе муж Уладзімір Рыгоравіч Унучак. Ён працаваў настаўнікам гісторыі ў Гародзькаўскай сярэдняй школе. У іх сям’і выраслі два сыны. Малодшы Мікалай жаніўся на Ларысе Анатольеўне, якая 20 гадоў жыцця прысвяціла Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту, дзе на кафедры пачатковых класаў выкладала матэматыку. Старэйшы сын Уладзімір скончыў Мінскі педагагічны інстытут і стаў настаўнікам матэматыкі ў Яршэвіцкай сярэдняй школе, а праз некаторы час быў прызначаны дырэктарам гэтай установы адукацыі. У цяперашні час, ужо на пенсіі, ён працягвае выкладаць фізіку і матэматыку. Яго жонка Лізавета Іванаўна пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута 34 гады вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры ў Яршэвіцкай сярэдняй школе. Сын Уладзіміра і Лізаветы Андрэй скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляецца кандыдатам навук, працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Лідзія Мікалаеўна УНУЧАК (Станкевіч).
СТАНКЕВІЧЫ
Узорам высокай маральнасці, шырокай эрудыцыі быў мой дзядуля Аляксей Мікалаевіч Станкевіч, які служыў прыкладам для ўсіх і кожнага. Да яго за парадай і дапамогай звярталіся многія аднавяскоўцы, і той нікому не адмаўляў. Ён закончыў Гродзенскае педагагічнае вучылішча ў 1950 годзе па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. Сваю прафесійную дзейнасць пачаў у вёсцы Чартавічы, затым доўгі час працаваў у Капусцінскай васьмігадовай школе, а пасля, да самай пенсіі, – у Даўбенеўскай васьмігодцы. Аляксей Мікалаевіч самаадданай настаўніцкай працай заслужыў падзяку ні ад аднаго пакалення вучняў. Ён рабіў усё, што ад яго залежала, для выхаванцаў. Ці думаў хто пра тое, колькі вытрымкі, самаахвярнасці, душэўнай цеплыні неабходна, каб вывучыць, выхаваць і вывесці на шырокія жыццёвыя дарогі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Колькі іх было за 42 гады працы! Разам з жонкай Марыяй Іванаўнай, маёй бабуляй, якая, між іншым, таксама была настаўніцай пачатковых класаў і пяць гадоў выкладала ў Бурнейкаўскай пачатковай школе, яны годна прайшлі праз усе жыццёвыя выпрабаванні, выгадавалі і выхавалі траіх дзяцей, далі ім вышэйшую адукацыю.
Не змянілі справе бацькі і маці і іх дочкі. Малодшая Галіна адвучылася на настаўніка нямецкай мовы, старэйшая Леакадзія, мая мама, закончыла Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура” ў 1971 годзе і па размеркаванні была накіравана ў Дорскую васьмігадовую школу, дзе прапрацавала 5 гадоў.
ТУРСКІЯ
Тут яна выйшла замуж за настаўніка замежных моў Аляксандра Аляксандравіча Турскага. І далейшае жыццё ўнесла свае карэктывы: Суднікаўская васьмігодка, СПТВ № 58, Валожынская школа-інтэрнат. Маладая сям’я заўсёды была разам. У 1983 годзе бацьку прызначылі дырэктарам Валожынскай школы-інтэрната. Яго ўспамінаюць як умелага, чулага і патрабавальнага кіраўніка. У гэты час калектыў дамагаўся вялікіх поспехаў у вырашэнні шматлікіх задач, што стаялі перад школай. Гэту пасаду ён займаў пяць гадоў, затым сямнаццаць гадоў працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай працы ў Валожынскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Цяпер ён ужо на заслужаным адпачынку. Мама ж дваццаць гадоў з’яўлялася выхавальнікам у Валожынскай школе-інтэрнаце. Выдатны педагог Васілій Сухамлінскі казаў: “Каб стаць сапраўдным выхавальнікам дзяцей, трэба аддаць ім сваё сэрца”. Вось і мае бацькі аддавалі сваім выхаванцам і сэрца, і душу, і веды. Здавалася б, праца настаўніка такая непрыкметная, але толькі не членам іх сем’яў. У доме нярэдка праходзілі “хатнія педагагічныя саветы”, нарады, гучалі спрэчкі і дыскусіі па выхаванні дзяцей. Нягледзячы на цяжкасці, нам з сястрой заўсёды хацелася быць падобнымі да іх. Добра памятаю, як мяне, яшчэ зусім маленькую, мама брала з сабой у інтэрнат, пачуццё гонару за роднага чалавека тады перапаўняла дзіцячае сэрца. Яна – выдатны педагог, строгая, але ў той жа час чулая і спагадлівая. Яе любілі і паважалі выхаванцы і калегі па працы.

Наталля ТАЎГЕНЬ
ПРАДАЎЖАЛЬНІКІ СПРАВЫ
Бацькі-настаўнікі могуць быць спакойныя: іх справу працягваюць дзеці – я і мая сястра Таццяна Аляксандраўна Дабравольская. З самага ранняга ўзросту мы марылі стаць настаўнікамі. Абедзве скончылі Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, затым Беларускі педагагічны інстытут імя Максіма Танка і па волі лёсу разам працуем у гімназіі № 1 г. Валожына.
Дынастыя настаўнікаў Станкевічаў-Турскіх усё прафесійнае майстэрства, любоў да ведаў, павагу да навукі і культуры, прыклад добрасумленнай, творчай, бескарыслівай працы аддалі і зараз аддаюць падрастаючаму пакаленню. Ён быў і ёсць заўсёды перад вачамі. Здаецца, што інакш жыць і немагчыма. Толькі так, да канца, без астатку прысвячаць сябе любімай справе – выхаванню і навучанню дзяцей.
Мая сям’я дала мне “карані”, якімі я прарасла ў гэту прафесію. Я раблю ўсё, каб даць маім выхаванцам “крылы”, і з іх выраслі свабодныя, моцныя, упэўненыя ў сабе і сваіх сілах людзі.
Хочацца спадзявацца, што біяграфія адданых справе педагогаў папоўніцца новымі яе прадаўжальнікамі.
Наталля Аляксандраўна ТАЎГЕНЬ пасля заканчэння Нясвіжскага педвучылішча стала выкладаць у пачатковых класах Дорскай сярэдняй школы. У гэты ж час мэтанакіраваная дзяўчына завочна паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка геаграфіі. Шмат гадоў яна прысвяціла працы ў Валожынскай школе-інтэрнаце, а пасля яе закрыцця ў 2009 годзе перайшла ў гімназію № 1 райцэнтра. Педагог самааддана аддавала ўсю сваю любоў, веды маленькім гарэзам, і сама атрымлівала ад гэтага задавальненне. Калі зрабіла першы свой выпуск, кіраўніцтва ўстановы прапанавала ёй перайсці на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, і вось ужо 8 гадоў яна займаецца адміністрацыйнай работай. З асаблівай радасцю Наталля Аляксандраўна вядзе ўрокі, якіх цяпер у яе няшмат. Ёй падабаецца ў прафесіі настаўніка тое, што кожны дзень дае магчымасць пазнаваць, адкрываць для сябе і выхаванцаў нешта новае, вучыць дзяцей і вучыцца ад іх. За гады сваёй педагагічнай дзейнасці жанчына не аднойчы атрымлівала падзякі і граматы рознага ўзроўню. Сёлета напярэдадні Дня настаўніка педагог за добрасумленную плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення была ўзнагароджана Падзякай старшыні Мінаблвыканкама.
Наталля ТАЎГЕНЬ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 г. Валожына


