Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Калі работа – сэнс жыцця

21.10.2021

На сёлетнім раённым Свяце працы падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна быў узнагароджаны трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы ДЮСШ Аляксандр ЧАРНЯЎСКІ. Гэта ўнікальны чалавек, энтузіяст, таленавіты трэнер, цалкам аддадзены сваёй справе, які рыхтуе юных лёгкаатлетаў і працуе ў Івянцы. На рахунку выхаванцаў Аляксандра Станіслававіча – дзясяткі перамог і ўзнагарод на розных спаборніцтвах, у тым ліку нават міжнароднага ўзроўню. Пра захапленне, якое стала любімай работай і сэнсам жыцця, наш аповед.

Безумоўна, калі заўважаюць тваю працу і адзначаюць – гэта вельмі прыемна. Як кажа Аляксандр Станіслававіч, адкрываецца “другое” дыханне, з’яўляецца натхненне, і хочацца працаваць яшчэ з большай аддачай.

– Дзеці радуюць пастаянна – выступаюць вынікова і на раённых, і на абласных, і на рэспубліканскіх спаборніцтвах, – гаворыць таленавіты трэнер. – Яны – удзельнікі чэмпіянату Еўропы, свету. Мая выхаванка Марына Даманцэвіч прымала ўдзел у спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях у Лондане, а ў 2012 годзе ў камандным заліку зборнай Беларусі выйграла чэмпіянат Еўропы па марафонскім безе. Цяпер жыве ў Наваполацку – там трэніруецца і рыхтуецца, пасля чэмпіянату Еўропы паспяхова выступала на многіх спаборніцтвах.

– Як зараз шукаеце юных “зорачак”?

– Цяпер набралі вучняў у групы пачатковай падрыхтоўкі: яны яшчэ маленькія – 2-і, 3-і, 4-ы класы.

– Як Вам удаецца іх захапіць спортам?

– Тут свая методыка, распрацаваная дзесяцігоддзі таму. Калісьці працавалі разам з трэнерамі з Расіі – у іх былі напрацоўкі па падрыхтоўцы. У аснове – былая методыка Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Па ёй трэніруем і даволі паспяхова.

– Што трэба дзецям, каб яны адчулі, як кажуць, “смак” да заняткаў?

– Трэба, каб яны гэтым “захварэлі” – у добрым сэнсе слова. Захварэлі самімі трэніроўкамі, дзе нельга перабраць адразу з вялікімі нагрузкамі, больш займаць гульнявымі часткамі, каб цікавасць у дзяцей з’явілася. А пасля яны самі ўліваюцца ў парадак.

– А магчыма гэта ў наш час?

– Цяжкавата. Але трэба такія ключыкі знаходзіць, каб яны выходзілі на патрэбны ўзровень і пасля радаваліся сваім поспехам.

– Вы патрабавальны трэнер?

– Як калі. Бывае, што перад стартам і дзецям не хочацца нічога рабіць, і цяжка, аднак неабходна пераканаць, што гэта ім патрэбна, каб дасягнуць высокіх вынікаў. Тры мае вучні выступалі ў Гродне на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі. Ганна Юрыс 1-е месца заняла, Дар’я Маліноўская – 2-е, ну і Валянцін Дубатоўка паказаў нядрэнныя вынікі асабістыя, але ён на два гады маладзейшы за асноўную групу. Дарэчы, летась з нашай школы ён пайшоў у вучылішча Алімпійскага рэзерву. На сёння там займаюцца 7 маіх вучняў.

– А ці лічылі калі, хто ўвогуле па Вашых сцежках пайшоў і дасягнуў вынікаў?

– Лічыць то не лічыў, але вынікаў дасягнулі многія. Заканчвалі ўніверсітэт фізічнай культуры, трэнерамі працуюць: у прыватнасці, з чатырох трэнераў ДЮСШ Анастасія Валяр’янаўна Цітова (да замужжа – Паталей) – мая былая выхаванка. Таксама Сяргей Віктаравіч Халапук. У вялікі спорт пайшлі Іван Шулер – удзельнік чэмпіянату свету па спартыўнай хадзьбе ў Анэсе (Францыя), Вадзім Ціванчук – прызёр каманднага Кубка свету, Андрэй Бурдукевіч – удзельнік чэмпіянату свету па доўгіх дыстанцыях, ды і многія іншыя. Пастаянна падтрымліваю з імі стасункі.

– Як толькі ўбачыце, што Ваш колішні вучань паказвае вынік, якія адчуванні з’яўляюцца ў настаўніка?

– Радуюся і ганаруся, што знайшлі сябе. Гэта вельмі важна для чалавека ў жыцці.

– Што прыносіць Вам штодзённая работа?

– Я ёй жыву – любімая работа стала сэнсам жыцця.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Задайте вопрос