Учора на базе Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя адбылося адкрыццё трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Раённы цэнтр упершыню стаў месцам традыцыйных вучнёўскіх спаборніцтваў за права называцца лепшымі па адным з навучальных прадметаў на абласным узроўні. Практычна з усіх куткоў Мінскай вобласці сюды з'ехаліся найбольш адораныя юныя прыхільнікі царыцы навук. 94 выхаванцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадставілі 18 раёнаў, горад Жодзіна і Мінскі абласны ліцэй.

Ад Валожыншчыны ў алімпіядзе па прадмеце «Матэматыка» прымае ўдзел выхаванка педагога Ірыны Уланчык, гімназістка Соф'я Курбацкая. Яшчэ адна, цяпер ужо былая гімназістка Дар'я Вайцяхоўская ўвайшла ў склад каманды абласнога ліцэя.

У іншыя гарады Міншчыны для ўдзелу ў алімпіядах па фізіцы, хіміі, інфарматыцы, геаграфіі, фізічнай культуры, працоўнаму навучанню, рускай мове і літаратуры накіраваліся 16 вучняў з гімназіі № 1 г. Валожына, сярэдніх школ № 1 і № 2 г. Валожына, Івянецкай, Ракаўскай і Вішнеўскай школы.



Падчас цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў вучнёўскага спаборніцтва і членаў журы вітала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала. Ад імя тых, хто закліканы выступіць рэферы, з пажаданнямі поспеху да хлопцаў звярнуўся старшыня журы, загадчык кафедры геаметрыі, тапаграфіі і методыкі выкладання матэматыкі механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрый Базылёў.




Гасцям паказалі некалькі канцэртных нумароў, а таксама далі магчымасць віртуальнай экскурсіі па Валожыне.
Сёння і заўтра дзяўчаты і юнакі будуць працаваць над алімпіяднымі заданнямі, а пражываць у інтэрнаце ліцэя, дзе для іх створаны неабходныя ўмовы. Урачыстае закрыццё алімпіяды запланавана на чацвер.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара


