13 студзеня ў Валожыне прайшла сустрэча рабочай групы па абмеркаванні праекта рэканструкцыі Валожынскай ешывы. У яе склад увайшлі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван МАРКЕВIЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала ШАХОЦЬКА, галоўны архітэктар праектаў Інстытута «Мінскграмадзянпраект» Валянціна ЦЫЁНСКАЯ, кандыдат архітэктуры, прафесар Белдзяржуніверсітэта Ігар ДУХАН, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар ШАКУН.

- Сёння ў Рэспубліцы Беларусь надаецца вельмі сур'ёзная ўвага гісторыка-культурнай спадчыне. У прыватнасці, нездарма 2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці, - распавяла Ала Шахоцька. - Валожынская ешыва гістарычна мае сусветнае значэнне і вядома як маці ўсіх ешыў. Таму не надаваць ёй увагу проста немагчыма. Адсюль нарадзілася ідэя аднавіць не проста будынак ешывы, а вярнуць Валожыну яго гістарычнае значэнне, якое меў сам горад і выхадцы з яго, а гэта прадстаўнікі сусветнай палітыкі, культуры, прамысловасці.
На сённяшні дзень створана рабочая група пры Мінскім абласным выканаўчым камітэце, куды ўвайшлі ўсе зацікаўленыя прадстаўнікі ведамстваў, якія будуць прымаць удзел у рэалізацыі гэтага праекта. Ідзе пошук крыніц фінансавання.
- Вядзецца гаворка пра тое, каб стварыць сур'ёзную турыстычную прастору ў горадзе Валожыне для прыцягнення ўвагі не толькі да ешывы, а ў цэлым да гісторыі Валожына. Уплыў ўсёй той адукацыйна-асветніцкай дзейнасці, якую вяла ешыва і яе выпускнікі, адыграла важную ролю ў станаўленні Яўрэйскай дзяржавы, – падкрэсліла Ала Шахоцька.

- Тут плануецца стварыць шматфункцыянальную прастору з магчымасцю выкарыстання важных для яўрэйскай абшчыны артэфактаў. Экспанавання кніг, прадметаў мастацтва для выстаў сучаснага мастацтва, для правядзення мерапрыемстваў з мэтай асветы моладзі, якой трэба абавязкова перадаваць гісторыю – адзначыла Валянціна Цыёнская.
- Рэалізацыя гэтага праекта абмяркоўвалася на ўзроўні губернатара Мiнскай вобласці – падкрэсліў Іван Маркевіч. - Ад Валожынскай ешывы ідуць карані вялікіх сусветных палітыкаў, культурных дзеячаў. Сёння ідзе размова аб стварэнні ў Валожыне яўрэйскай абшчыны. Плануецца рэалізаваць праект і прыцягнуць зацікаўленыя ведамствы. Думаю, што дзякуючы сур'ёзным падыходам і суладнай працы ў нас усё атрымаецца.


