Асноўнымі прычынамі ўзнікнення НС у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства. Статыстыка сведчыць, што больш за палову здарэнняў узнікае па віне людзей, якія не ведалі ці безадказна паставіліся да выканання правілаў пажарнай бяспекі.
Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу жыхароў да гэтай тэмы, а таксама праблемы гібелі ў агні, з 24 студзеня па 11 лютага на Валожыншчыне пройдзе рэспубліканская акцыя «Бяспека - у кожны дом!
Пройдзе яна ў 3 этапы.
На першым з іх з 24 па 28 студзеня ў цэнтры ўвагі апынуцца асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. «Цвярозы погляд на бяспеку» - менавіта пад такім дэвізам пройдуць мерапрыемствы з гэтай катэгорыяй грамадзян.
На другім этапе, які пройдзе з 31 студзеня па 9 лютага, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на пажылых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а таксама навучэнцаў ліцэя.
Завяршальны трэці этап акцыі пройдзе з 10 па 11 лютага. Традыцыйна работнікі МНС разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей.
Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымаюць падарункі ад ратавальнікаў.
На розных этапах акцыі да прапагандыстаў МНС далучацца работнікі іншых служб і арганізацый, актывісты маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.
Далучайцеся да акцыі, каб бяспека панавала і ў вашым доме!


