Сёння ў кінатэатры "Юнацтва" райцэнтра прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў працы арганізацый і працаўнікоў Валожыншчыны за 2021 год.


У фае кінатэатра былі разгорнуты дэгустацыйныя выставы прадпрыемстваў прамысловасці раёна: аддзела грамадскага харчавання райпо, масласырзавода, ільнокамбіната, Івянецкага філіяла кандытарскай фабрыкі "Слодыч"; выставы работ народнай творчасці, фотазоны, тэматычныя экспазіцыі.

Перад пачаткам урачыстасці ўвазе прысутных быў паказаны фільм аб людзях працы раёна.

Словы падзякі і ўдзячнасці працаўнікам выказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч:
– Сёння ў гэтай зале сабраліся лепшыя з лепшых – усе тыя, хто сваёй добрасумленнай працай, любоўю да абранай справы, паказвае годныя вынікі і памнажае дабрабыт і поспех нашага раёна.

Асаблівыя словы павагі кіраўнік раённай вертыкалі адрасаваў ветэранам працы, якія прысутнічалі ў зале: "Вашы дасягненні - гэта прыклад доблеснай і самаадданай працы многіх пакаленняў работнікаў раёна, тых, хто стаяў ля вытокаў яго развіцця, зараджаў і развіваў традыцыі вытворчасці". У знак шчырай падзякі кожнаму з іх былі ўручаны кветкі.
– Вынікі работы за 2021 год сведчаць пра значныя вынікі развіцця аграпрамысловага комплексу і рэалізацыі намечаных сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў. Закладзена аснова для далейшага росту эканамічнага патэнцыялу, - падкрэсліў у сваім выступе кіраўнік раёна і падрабязна спыніўся на дасягненнях у кожнай галіне.

Яўген Круковіч назваў калектывы арганізацый, устаноў адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя, а таксама "Лепшых па прафесіі", якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у працы і прызнаны пераможцамі, – усе яны занесены на раённую Дошку гонару.
- Мінулы год быў дынамічным і выніковым дзякуючы мэтанакіраванай працы калектываў, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, – сказаў Яўген Міхайлавіч. - Перакананы, што пры высокім прафесіяналізме, творчасці і працавітасці працаўнікоў раёна мы выканаем пастаўленыя задачы – забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і эканоміцы, рост дабрабыту грамадзян, стварэнне камфортных умоў жыцця, працы і самарэалізацыі чалавека.

Напярэдадні свята 8 Сакавіка Яўген Круковіч таксама павіншаваў жанчын Валожыншчыны з выдатным вясновым днём і пажадаў бязмежнага шчасця, дабра і святла ў душы, гармоніі, любові і прыгажосці.
На мерапрыемстве былі адзначаны лепшыя ва ўсіх галінах вытворчасці - заслужаныя ўзнагароды атрымалі больш за 120 чалавек. Так, Ганаровай граматай райвыканкама за добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна атрымалі 15 работнікаў, больш за 100 работнікам аб'яўлены Падзякі старшыні райвыканкама.

Працаўнікам Валожыншчыны словы віншавання адрасаваў генеральны дырэктар УП "Мінскаблгаз" Юрый Кукліцкі. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва, захаванне і развіццё партнёрскіх адносін, забеспячэнне харчовай бяспекі краіны Падзякай УП "Мінскаблгаз" былі адзначаны старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, кіраўнік масласырзавода Марына Каспяровіч, дырэктар райаграпрамтэхнікі Дзмітрый Кізееў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемства "Агра-Дубінскае" Генадзь Каспяровіч і "Пяршаі-2014" Віктар Шалаш.

На мерапрыемстве былі падведзены вынікі за "Лепшае навагодняе афармленне". У спіс пераможцаў увайшлі: Ракаўскі сельвыканкам, ільнокамбінат, лясгас; сем'і Аляксандра Міхайлавіча Цішэвіча з аграгарадка Сугвозды, Мечаслава Іосіфавіча Макея з аграгарадка Гародзькі, Станіслава Антонавіча Пазняка з вёскі Мінці, Марыі Мар'янаўны Вафек з аграгарадка Сівіца, Таццяны Нікалеўны Варапаевай з Івянца. Дыпломы райвыканкама ім уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік.


Памятнымі падарункамі былі адзначаны лепшыя школьнікі раёна: навучэнцы СШ № 1 г. Валожына Ганна Радзівілка і Яўген Машко, вучаніца Iвянецкай СШ Соф'я Хургіна.

Ну а добры настрой усім прысутным падарылі культработнікі раёна. Удала падабраныя музычныя нумары напаўнялі душу пачуццём гонару за сваю любімую маленькую радзіму, яе поспехі і дасягненні, дзе жывуць людзі, якія самаадданай працай здабываюць хлеб і да хлеба.


... Раённае свята падвяло рысу пад мінулым годам і перадало эстафету здзяйсненняў новаму, 2022-у. Будзем спадзявацца і рабіць усё для таго, каб ён быў яшчэ больш паспяховым і выніковым!



