У Валожынскім краязнаўчым музеі працягваецца выстава «Свет абразоў». 21 красавіка ва ўстанове прайшла сустрэча-інтэрв'ю з аўтарам работ, мастачкай Ядвігай Сянько «Акно ў духоўны свет». Ядвіга з'яўляецца аўтарам больш за 2000 работ на хрысціянскую тэматыку.
На сустрэчу з мастачкай прыйшлі прыхільнікі яе творчасці: работнікі сферы культуры, навучэнцы мясцовай школы мастацтваў, жыхары горада Валожына. Ядвіга Іванаўна з уласцівай ёй цеплынёй і шчырасцю адказвала на пытанні гасцей сустрэчы. Яна распавяла, што лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ўсё жыццё займаецца любімай справай: «Мэта маёй творчасці - прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет. Мэта асабістага жыцця - узвесці храм у душы. З гэтага і пачынаецца мая штодзённая праца – праца жывапісца».


