Па даўно ўсталяванай традыцыі выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця напярэдадні яго наведваюць брацкія магілы з ускладаннем кветак загінуўшым, ваенную залу нашага гісторыка-краязнаўчага музея, сустракаюцца з людзьмі, якія былі зведкамі той жудаснай фашысцкай навалы, глядзяць і абмяркоўваюць стужкі пра Вялікую Айчыную…
Настаўнікі і выхавацелі ў сваіх класах і групах праводзяць урокі мужнасці і пазакласныя мерапрыемствы. На гэты раз, у Год гістарычнай памяці, наш дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч прапанавала наведаць месца, якое ведаюць далёка за межамі Беларусі – гісторыка-культурны комплекс “Линия Сталина». Мы шмат чулі пра гэта месца, бачылі фотаздымкі, марылі там пабываць, і вось гэтай вясной нашы мары здейсніліся. Чаго мы тут толькі не пабачылі! Танкі, самалёты, верталёты, пушкі, кулямёты, паравозы, бронецягнік, розныя боепрыпасы ўжо не ўяўляючыя небяспекі, абаронныя збудаванні… Мы нават не ўяўлялі сабе, што так многа ўсяго, што звязана з Вялікай Айчынай вайной, можа знаходзіцца ў адным месцы, ў некалькіх дзесяткаў кіламетраў ад Івянца! Шкада толькі, што ўсё гэта калісці несла нашым продкам гора, слёзы, разруху і смерць…
І таму, напярэдадні 9 мая, мы заклікаем усіх рабіць усё магчымае для таго, каб на нашай зямлі ніколі не рваліся бомбы і ракеты, не тапталі яе боты акупантаў, і не ліліся слёзы яе жыхароў!
Андрэй Клок, вучань 10 класа
выхаванец Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця


