Зусім хутка краіна ўрачыста адсвяткуе 77-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне - святую дату для ўсіх нас. Асаблівае гучанне Вялікая Перамога набывае ў Год гістарычнай памяці. Выхаванне паважлівага стаўлення да сваёй гісторыі, разуменне падзей, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, укладу беларускага народа ў агульную перамогу вельмі важны для моладзі. Гэта шмат у чым абумовіла незалежнасць сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Напярэдадні Дня Перамогі ва ўсіх установах адукацыі рэспублікі праходзяць урокі памяці «Нам гэты мiр завешчана берагчы».
5 мая такі ўрок у 10-11 класах ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Валожына» наведалі старшыня Валожынскага раённага выканаўчага камітэта Яўген Міхайлавіч Круковіч і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала.
Падчас урока старшакласнікі ўспомнілі няпростую гісторыю саракавых, герояў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку тых, чый лёс цесна звязаны з Валожыншчынай, распавялі пра сваіх родных, якія таксама прайшлі нялёгкімі сцежкамі вайны. Асабліва кранулі кожнага прысутнага гісторыі спаленых вёсак Валожынскага раёна.
Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыялогу з гасцямі мерапрыемства, выказалі сваё меркаванне аб важнасці захавання гістарычнай памяці і задавалі пытанні.
- Абавязак кожнага - беражліва захоўваць гістарычную праўду. Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны вучыць нас памятаць, вучыць любіць сваю зямлю, сваю радзіму. Памяць - гэта злучнае звяно паміж мінулым і будучыняй, – падкрэсліў у сваім дыялогу з хлопцамі Яўген Міхайлавіч Круковіч. Важную ролю патрыятычнага выхавання сярод падрастаючага пакалення адзначыла Таццяна Мікалаеўна Крыкала.


