У Год гістарычнай памяці сімвалічна знаходзіць і адкрываць новыя невядомыя факты аб Вялікай Айчыннай вайне, раскрываць імёны невядомых герояў, якія ўнеслі вялікі ўклад у Перамогу.
У гэтыя святочныя дні на Валожыншчыне адбылася значная для гісторыі падзея - адкрыццё помніка на месцы пахавання Перавышка Аляксандра Георгіевіча - камандзіра першай дыверсійна-разведвальнай брыгады Асобага прызначэння ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай, Баранавіцка, Брэсцкай і Пінскай абласцей. Гэта падзея адбылася па ініцыятыве Беларускага грамадскага аб'яднання «Ветэраны ваеннай разведкі» пры садзейнічанні Валожынскага райвыканкама, пры фінансавай падтрымцы ЗАТ «БСБ Банк».
Грамадскае аб'яднанне «Ветэраны ваеннай разведкі» займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, устанаўленнем месцаў пахавання ваенных разведчыкаў, якія загінулі ў гады вайны на акупаванай тэрыторыі Беларусі і лічацца дагэтуль, як без вестак знікшыя, аднаўленнем партызанскіх лагераў і баз стаянак дыверсійна-разведвальных атрадаў і падраздзяленняў. Адным з напрамкаў Аб'яднання стала вывучэнне баявога шляху 1-ай дыверсійна-разведвальнай брыгады Асобага прызначэння ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай Арміі пад камандаваннем Перавышка Аляксандра Георгіевіча, легендарнага ваеннага разведчыка. Вайна застала яго на тэрыторыі Лепельскага раёна, і, апынуўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён заняўся дыверсійнай дзейнасцю. У 1941 годзе ГРУ Чырвонай Арміі была накіравана першая дыверсійна-разведвальная група на тэрыторыю Віцебскай вобласці. З гэтага моманту быў звязаны далейшы лёс лейтэнанта Перавышка з адным з наймацнейшых падраздзяленняў, які садзейнічаў развіццю ўсяму партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі. Шмат дыверсійных аперацый было праведзена пад яго камандаваннем. Скончыўшы вайну ў званні капітана, Перавышка паступіў у Горкаўскі юрыдычны ўніверсітэт і вярнуўся ў нашу краіну, быў накіраваны працаваць суддзёй у г. Валожын. У 1960 годзе з-за шматлікіх раненняў, якія не давалі спакою, Аляксандр Георгіевіч пайшоў з жыцця. Пошукавае аддзяленне «Ветэранаў ваеннай разведкі» пад кіраўніцтвам Анатоля Міхайлавіча Пятровіча на працягу некалькіх гадоў адшуквала пахаванне легендарнага камандзіра і знайшлі на тэрыторыі могілак у в.Капусціна Валожынскага раёна. Садзейнічанне ў пошуку аказвала РУП «Валожынскі жылкамунгас». Помнік быў выраблены дзякуючы фінансавай падтрымцы ЗАТ «БСБ Банк» і ўсталяваны на месцы пахавання.
10 мая 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка, на якім прысутнічалі малодшая дачка Аляксандра Георгіевіча Перавышка – Людміла БОЙКА і праўнучка Ганна МІХЛЕЕВА, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Ветэраны ваеннай разведкі» - Аляксандр БІТУС, кіраўнік пошукавай секцыі, член Савета БГА «Ветэраны ваеннай разведкі» - Анатоль ПЯТРОВІЧ, намеснік старшыня БГА «Ветэраны ваеннай разведкі», палкоўнік у адстаўцы - Уладзімір ГАРАБЧУК, намеснік старшыня БГА «Ветэраны ваеннай разведкі», старшына ў запасе - Уладзімір ШУЛЯК, старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў - Пётр Бібік, прадстаўнікі БРПА і раённай арганізацыі «Белая Русь».
— У гэтыя дні, калі ўся наша краіна і беларускі народ святкуе Вялікую Перамогу мая 1945 года, мы адкрываем помнік легендарнаму ваеннаму разведчыку. Я хачу падзякаваць за асаблівую ўвагу і падтрымку ў гэтым пытанні старшыні Валожынскага райвыканкама Яўгену Міхайлавічу Круковічу, старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Іосіфавічу Бібіку, выказаць асаблівыя словы падзякі спонсарам ЗАТ «БСБ Банк» і старшыні праўлення Дубкову Сяргею Вітальевічу. Мы памятаем пра нашых герояў, хто прынёс свабоду і незалежнасць нам, - сказаў Аляксандр БІТУС, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Ветэраны ваеннай разведкі».
— Памяць пра кожнага жыве роўна столькі, колькі пра нас памятаюць нашыя нашчадкі. Мы павінны даглядаць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, каб захаваць дакладную памяць аб подзвігу савецкага народа. Гэта наш не апошні праект, ёсць задумкі на будучыню. Колькі ёсць сіл і магчымасцяў, мы будзем працягваць гэтыя традыцыі, - адзначыў Яўген Міхайлавіч.
— Ад усёй душы мы хочам падзякаваць БГА «Ветэраны ваеннай разведкі» Анатолю Пятровічу і яго камандзе за праведзеную працу і аказаны нам гонар - стаяць на зямлі, па якой хадзіў вялікі чалавек, мой прадзед - Аляксандр Георгіевіч Перавышка. Яго гераічныя подзвігі вартыя мемуараў, а сіла ўспамінаў аб ім вечная. З трапятаннем у сэрцы мы глядзім на помнік і выказваем асаблівую падзяку, тым людзям, якія над ім працавалі. Для нас гэта мае высокую каштоўнасць, - падзякавала Ганна Міхлеева, праўнучка легендарнага разведчыка.
Цырымонія завяршылася ўскладаннем кветак да пахавання і адданнем вайсковых ушанаванняў.
Вялікая Айчынная вайна стала сур'ёзным выпрабаванне для разведкі. У неймаверна складаных умовах, разведчыкі рызыкавалі для таго, каб здабыць важную інфармацыю. Мужнасць савецкіх разведчыкаў, вера ў ідэалы справядлівасці і любоў да Радзімы сталі важнейшымі фактарамі перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


