У Год гістарычнай памяці «сярэбраныя» валанцёры - краязнаўцы ДУ «Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» распрацавалі шэраг экскурсійных маршрутаў, якія праходзяць па гістарычных мясцінах, захаваўшых памяць пра гераізм нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны і аб людскіх ахвярах у імя Вялікай Перамогі. Такія экскурсійныя праграмы даюць магчымасць яшчэ раз асэнсаваць, што значыць для кожнага з нас паняцце «гістарычная памяць».
Наш новы маршрут - наведванне мемарыяльнага комплекса «Трасцянец» - аднаго з самых журботных месцаў у Беларусі. Тут, за тры кіламетры ад МКАД, побач з Магілёўскай шашой, з 1941 па 1944 год фашысты арганізавалі адзін з самых вялікіх ва Усходняй Еўропе канцэнтрацыйных лагераў «Трасцянец». За гады яго існавання на гэтым месцы было забіта, закатавана, спалена, атручана газам 206 500 чалавек! Цяжка сабе ўявіць гэты бясконцы і жудасны канвеер смерці. Доўгія гады на гэтым месцы стаяў сціплы абеліск, аднак у 2018 г. быў адкрыты вялікі мемарыял, які стаў другім знакавым (пасля Хатыні) месцам памяці пра зверствы фашыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Да наведвання мемарыяла мы падрыхтаваліся загадзя, зрэзаўшы на сваіх клумбах самыя прыгожыя цюльпаны і нарцысы, якія і ўсклалі да помніка «Брама памяці». У такіх месцах асаблівая энергетыка, якая пранізвае, як страла ў звонкай цішыні. Тут хочацца маўчаць і думаць.
Канчатковай кропкай нашага маршруту стаў майскі батанічны сад, у якім мы любаваліся выдатнымі вясновымі дрэвамі, хмызнякамі і кветкамі.


