У Валожынскім РАУС упэўнены: чым больш сямейных пар у калектыве, тым ён мацнейшы і па-сапраўднаму дружны. Сёння ў аддзеле чатыры такія пары, сярод іх – муж і жонка Родзевічы.
Ігар Эдвардавіч – чалавек у пагонах, капітан міліцыі. Яго пасада – інспектар па дазвольнай рабоце. Гэта вытрыманы, спакойны, добра адукаваны чалавек, які, дарэчы, мае дыплом інжынера. Алена Іванаўна – спецыяліст 2-й катэгорыі па рабоце з іншаземнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства. Гэта сапраўдны аптыміст і жыццялюб. Выпускніца Баранавіцкага ўніверсітэта з кваліфікацыяй эканаміста-бухгалтара нейкі час працавала ў Івянецкім пасвыканкаме, дзе і пазнаёмілася з сімпатычным праваахоўнікам. Разам яны чатыры гады, і ўжо тры гады як не пара, а трыа. У сям’і падрастае сын Дзіма.
Напярэдадні Дня сям’і мы сустрэліся з Ігарам, Аленай і Дзмітрыем Родзевічамі ў музеі РАУС. Пакуль малодшы член сям’і з цікавасцю разглядваў экспанаты, муж і жонка расказалі пра сваё жыццё. Высветлілася: жывуць дружна, займаюцца ўзвядзеннем уласнага дома. Будоўля стала для іх і асноўным клопатам, і хобі, і месцам, дзе можна праявіць творчыя памкненні. Зразумела, што пры іх рабоце і пакуль не вырашаным жыллёвым пытанні, вольнага часу ў таты і матулі юнага Дзімы няшмат. Аднак на абавязковы сумесны прагляд любімых сынавых мультфільмаў, на якіх выраслі самі, абавязкова знаходзяць гадзіну-другую.
Алена Іванаўна і Ігар Эдвардавіч дасылаюць свае віншаванні з цудоўным святам усім сем’ям Валожыншчыны. У першую чаргу тым, дзе як і ў іх, выхоўваюцца юныя грамадзяне нашай краіны. Хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама іх бацькам супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў зычаць здароўя, паразумення і мірнага неба над галавой.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ


