У Валожынскай раённай агранізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” падведзены вынікі конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2022”. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел вучні з сямі ўстаноў адукацыі раёна.
Пераможцам прызнаны Яўген ПАЎЛЮКЕВІЧ, вучань 9 класа ДУА “Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа». У сваім эсэ “Залацінкі нашай гісторыі” Яўген з любоўю і гонарам распавядае пра вёску Лоск. Ен склаў маршрутны экскурс па лоскіх прасторах і запрашае пазнаеміцца са славутымі людзьмі, якія жылі і працавалі на гэтай цудоўнай зямлі.
Яго работа будзе прымаць удзел у абласным этапе кункурсу. Пажадаем поспехаў юнаму журналісту!
“Прасіце – і будзе вам дадзена. Шукайце – і знойдзеце. Стукайцеся – і вам адчыняць”. Гэтымі словамі з Бібліі я хачу пачаць сваё эсэ “Залацінкі нашай гісторыі”.
На захадзе раёна, у цяньку магутных і прыгожых дрэў, па-суседску з крынічнымі рэчанькамі, прытулілася да прыгоркаў вёска Лоск. Гісторыя Лоска вельмі цікавая і бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў. Вёска на ўзгорках – так гэта мястэчка часта называюць даследчыкі. Лоск уваходзіў у склад Полацкага княства і з’яўляўся фарпостам полацкіх земляў. З 1494 года мястэчкам кіравалі магнаты Кішкі. І што самае цікавае: Ян Кішка ў 1570 годзе заснаваў у замку адну з першых у Беларусі друкарняў.
З 1573 года з Лоскам звязана імя паслядоўніка Францыска Скарыны – таленавітага беларускага філосафа, публіцыста, вельмі адукаванага чалавека свайго часу Сымона Буднага. Як падумаю, што хаджу па зямлі, дзе ступала нага такога чалавека, – мурашкі па целе прабягаюць. Хочацца падняць рукі да сонца і крычаць: “Людзі, я самы шчаслівы чалавек!”
Шкада, што я не паэт. Эх, узяў бы аловак і такія б вершы напісаў пра гісторыю майго краю… Але ўсё роўна хачу выказаць сваё задавальненне і гонар за Лоскі край словамі паэта, былога настаўніка гісторыі Лоскай школы У. Жылкі: “Маляўнічы куток! У срэбры кожны лісток, як ты мілы і як ты ранімы!” Паэт у сваёй паэме “Княгіня Лоская” раскрывае гістарычныя факты майго Лоскага краю, праслаўляе лоскую зямлю: “Колькі жорсткіх аблог мужна вытрымаць змог Лоскі замак у час ліхалецця”. Гэту паэму нават перакладае на рускую мову вучань дзясятага класа Гародзькаўскай школы Максім Адамейка, каб папулярызаваць родную Валожыншчыну сярод рускамоўнай аўдыторыі. У нас кожны жыхар мястэчка, кожны акрайчык зямлі, кожнае дрэўца і травінка ведаюць, чые імёны гучаць далёка за межамі не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны.
Я сёння дзевяцікласнік – без пяці хвілін выпускнік. А магнату Кішку выказваю падзяку за тое, што той дазволіў Сымону Буднаму працаваць у друкарні, якая знаходзілася ў Лоску. У вядомага вучонага, філосафа такім чынам здзейснілася мара – друкаваць свае работы без удзелу цэнзараў і рэдактараў. Больш за дваццаць гадоў ён тварыў свае шэдэўры, не пакідаючы Лоск. Таленавіты пісьменнік, выдатны педагог, філосаф і багаслоў, Будны належыць да ліку першарадных асоб старажытнай беларускай культуры. Ён – дзеяч еўрапейскага маштабу. Хачу заўважыць, што тут, у замкавай друкарні, вучоны выпускае свае лепшыя творы. У іх была ідэя духоўнай свабоды. Кнігі, надрукаваныя ў лоскай друкарні, па тэхніцы і афармленні не ўступалі кракаўскім выданням.
Яшчэ пры жыцці Буднага вялікая частка кніг была знішчана, а тое, што ўдалося захаваць, зараз з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Тыя кнігі, якія засталіся, можна сустрэць толькі ў знакамітых бібліятэках свету, з паметкай “выдадзена ў Лоску”. Хіба ж гэтыя словы нельга напісаць залатымі літарамі?!
Акурат важна тое, што кнігі Будны друкаваў на старабеларускай мове. “Слушная бо речь ест, – пісаў ён у звароце да Радзівіла, – абы ваши княжецкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давные предки и их княжацьские милости панове отци ваших княжецких милости славне преднейшие предложеньства несуть”. Чужынец не пісаў бы гэткіх пранікнёных слоў пра нашу мову – яны маглі нарадзіцца толькі ў сэрцы патрыёта. Чалавека, які любіць свой народ. Чалавека, які не здрадзіць сваёй краіне.
А мне і маім сябрам, хто жыве ці раней жыў у Лоску, з гонарам хочацца распавядаць усяму свету пра нашу вёсачку. Час не данёс да нас, калі і чаму далі гэтай мясцовасці такую назву: Лоск. Толькі хачу зазначыць, што першы раз упамінаецца пра Лоск у 14-м стагоддзі. Так, існуе шмат легенд і паданняў адносна назвы. Шмат літаратуры распавядае пра гістарычных асоб, якія жылі ў Лоску, а зараз вядомы далёка за межамі нашай краіны. Вельмі многа бачыла гэта зямля за сваю шасцівекавую гісторыю. Знішчальныя паходы шведскіх заваёўнікаў, разгром адступаючай арміі Напалеона, страшныя войны IX і XX стагоддзяў.
…Зараз такі час, што моладзь хоча жыць у горадзе. Так, людзей вельмі мала. Закрылі школу, няма дзе працаваць, але пакрысе ў вёску прыязджаюць маладыя сем’і. Знаёмяцца з гістарычнай спадчынай мястэчка.
Я склаў маршрутны экскурс па Лоскіх прасторах. Па-першае, абавязкова варта наведаць Свята-Георгіеўскую царкву, якая была заснавана ў 1858 годзе на вяршыне лоскага ўзгорка. З гэтага часу і да нашых дзён царква ніколі не закрывалася, нават у час вайны пры забароне ўладай: жыхары вёскі, ахвяруючы сваімі жыццямі, абаранялі веру і жыццё ў мястэчку. Па-другое, экскурс працягваю да касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Па-трэцяе, узнімаемся на замкавую гару, наведваем помнік воінам-землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Па-чацвёртае, з асаблівым задавальненнем распавядаю пра крынічку-купель Святога Панцеляймона-лекара.
Напрыканцы хачу сказаць: “Прыязджайце да нас у Лоск. Вы ўбачыце ўсю прыгажосць гэтага краю. Вып’еце вады са святой крынічкі, павандруеце па зямлі, дзе хадзіў Сымон Будны, паднімецеся на Замкавую гару…” Я ўпэўнены, што людзі, якія жылі і жывуць на Лоскай зямлі, – гэта залацінкі беларускай спадчыны!
Прыязджайце – і мы вам пакажам. Шукайце – і знойдзеце. Стукайцеся – і адчынім.


