Выпускны вечар – гэта заўсёды хвалюючая падзея. Да яго старанна рыхтуюцца і выпускнікі, і педагогі. Бо на іх ляжыць велізарная адказнасць – арганізаваць свята, якое запомніцца на ўсё жыццё. Самы першы выпускны вечар па традыцыі праходзіць у маі ў навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Яго можна назваць сапраўды таленавітым, таму што на сцэне прадстаўлена велізарная разнастайнасць музычных нумароў, дзе хлопцы паказваюць сваё майстэрства.
Сёлета выпускны канцэрт атрымаўся вельмі ўражлівым! Усё таму, што арганізатары - выкладчык тэарэтычных дысцыплін Ірына Жамоздзік і настаўнік музыкі па класе скрыпкі Яўгенiя Карповіч - унеслі ў традыцыйны сцэнар ноткі крэатыўнасці, сучаснасці і навізны і пабудавалі праграму ў форме школьнай тэлеперадачы. Гледачы змаглі акунуцца ў атмасферу шоу «Голас. Дзеці», «Танцы», «Угадай мелодыю».
- Мы вырашылі аформіць музычныя нумары цікава, маляўніча. Хацелася, каб глядач быў задаволены. У працэсе падрыхтоўкі самі атрымалі каласальнае задавальненне. Са зваротнай сувязі ад бацькоў і ўдзельнікаў канцэрта зразумелі, што справіліся з пастаўленай задачай. Канцэрт стварыў патрэбны настрой і пакінуў прыемнае ўражанне – распавялі арганізатары.
Я таксама прысутнічала ў зале як глядач і хачу перадаць сваё ўражанне пра падзею. Канцэрт прайшоў на адным дыханні. Здавалася, на сцэне разгортваецца незвычайная гісторыя ў свеце талентаў і школьных будняў, у якіх квітнеюць дабро, разуменне, святло і любоў. На сцэне дзеці праз вакальныя і танцавальныя нумары паказвалі, чым напоўнена іх жыццё. У інструментальных кампазіцыях перадавалася лірычны настрой. Мяне перапаўнялі пачуцці радасці і эстэтычнай асалоды. Гледзячы на хлопцаў, я ўяўляла, колькі педагагічнай работы і ўпартай працы вучнямі было зроблена на працягу года для таго, каб у гледачоў стварыць чароўны настрой. Але гэта каштавала таго.
Мы часта ездзім на канцэрты знакамітасцяў, каб атрымаць порцыю эмоцый, і чамусці абясцэньваем тое, што ёсць у нас. Маленькія маладыя артысты ўвесь год працуюць, каб парадаваць гледачоў. Падтрымаць іх талент і падарыць ім цёплыя апладысменты - гэта ўжо наша задача. Можа быць, менавіта з маленькага канцэрта ў Валожыне пачнецца іх вялікі шлях у свет мастацтва, а мы станем сведкамі гэтага і будзем ганарыцца, што наша зямля выхавала яшчэ адну знакамітасць.
Наталля Нямкевіч


