У Валожыне на базе гімназіі № 1 г. Валожына прайшло свята, прысвечанае адкрыццю летняй аздараўленчай кампаніі.
Навучэнцаў гарадскіх школ, аб'яднаных у 11 атрадаў, вітала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала. У невялікай канцэртнай праграме вясёлыя нумары прапанавалі творчыя калектывы цэнтра дзіцячай творчасці і школ. Цэнтральным эпізодам мерапрыемства стала з'яўленне сімвалічнага персанажа - Лета, разам з якім хлопцы правялі размінку, што дало старт удзелу ў квэст-гульні «Прывiтанне, лета!».
Падчас гульні, падрыхтаванай спецыялістамі ЦДТ, дзеці праходзілі пэўныя этапы, імкнучыся цалкам выканаць усе заданні. На імправізаваных станцыях ім давялося прадэманстраваць кемлівасць, эрудыцыю, фізічную падрыхтоўку і нават веды правілаў дарожнага руху і пажарнай бяспекі. Па выніках гульні каманды атрымалі заслужаныя дыпломы.
Завяршылася мерапрыемства вялікім флэшмобам «Ура! Лета прыйшло!», падчас якога ўсе прысутныя паўтаралі танцавальныя рухі за ўдзельніцамі харэаграфічнага ансамбля «Непаседы» пад кіраўніцтвам Наталлі Шырковай.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ


