У Год гістарычнай памяці работнікі - члены першаснай прафсаюзнай арганізацыі Валожынскага ўчастка ААТ «Мінскі малочны завод №1» у нядзелю, 5 чэрвеня, наведалі слаўны горад Полацк. У гэты дзень у Полацку было як ніколі шматлюдна. Менавіта ў гэты дзень усе праваслаўныя хрысціяне святкавалі знамянальную дату - 1030-годдзе заснавання Полацкай епархіі, першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. «Гэта спадчына і сёння з'яўляецца маральным арыенцірам для вернікаў, фундаментальнай часткай нашай гістарычнай памяці, аб'ядноўвае беларусаў з брацкімі славянскімі народамі», - сказаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваёй віншавальнай прамове. Таксама штогод, 5 чэрвеня, Праваслаўная Царква шануе памяць асабліва шануемай на Беларусі асветніцы, адной з самых значных фігур беларускай гісторыі, нябеснай заступніцы Беларусі - Еўфрасінні Полацкай, якая за свае жыццёвыя подзвігі была ўзведзена ў ранг святых. Усе ўдзельнікі «паломніцкай» экскурсіі наведалі самую старажытную хрысціянскую святыню - Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр, дзе мелі магчымасць прыкласціся да мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай, бліжэй даведацца пра гісторыю манастыра. Таксама экскурсанты наведалі Полацкі езуіцкі калегіум, дзе зараз знаходзіцца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і мастацкая галерэя Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і музей ручнога ткацтва.
Сёння мы ўсё лепш усведамляем, што перад нашым грамадствам стаіць нялёгкая задача адраджэння духоўнага жыцця беларускага народа. Пры гэтым доўг кожнага – здзяйсняць добрыя справы, звяртаючы сваю любоў да блізкіх. А вучыцца можна па справах і дзеях тых, хто жыў на гэтай зямлі задоўга да нас.


