З 3 па 5 чэрвеня ў Гродна прайшоў XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.
Фестываль нацыянальных культур - заўсёды яркая падзея, якая паказвае адкрытую і міралюбную палітыку Беларусі і раскрывае традыцыі народаў свету. Нядзіўна, што ідэя свята нарадзілася менавіта на гродзенскай зямлі, дзе 94 народнасці жывуць дружна, узбагачаюць і дапаўняюць адзін аднаго. Кожны раз – гэта феерычнае падзея, якая здзіўляе сваёй неардынарнасцю, разнастайнасцю святочных урачыстасцяў, колькасцю ўдзельнікаў. Пачынаўся фестываль з 9 нацыянальнасцяў і вырас сёлета да 30. Але і гэта яшчэ не мяжа, як заявілі арганізатары.
Самай яркай падзеяй першага дня фестывалю стала традыцыйнае тэатралізаванае шэсце «Вянок нацыянальных культур». Адным з акцэнтаў шэсця стала прадстаўленне не толькі культуры народаў, але і сваёй ідэнтычнасці. Так, кожная нацыянальнасць прадставіла сваю кветку, якая адлюстроўваецца ў іх традыцыйных арнаментах. У шэсці ўзялі ўдзел прадстаўнікі Івянецкай гарпасялковай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Саюз палякаў на Беларусі – ансамбль польскай песні «Івянчанка»:
- Мы ўдзельнічалі ў фестывалі ў трынаццаты раз. Нас пазналi і з задавальненнем прымалі. У гэтым годзе, на мой погляд, свята было самым яркім і масавым. Шмат лакацый размяшчалася ў розных кутках Гродна, майстар-класы, зоны адпачынку. Адусюль гучалі песні, людзі танцавалі, рамеснікі дзяліліся сакрэтамі майстэрства, распавядаліся звычаі і традыцыі прадстаўленых народнасцяў, разносіліся прыемныя пахі страў розных нацыянальных кухняй свету. На працягу двух дзён, можна сказаць, што госці мерапрыемства пабывалі ў 30 краінах. Пазнаёміліся з гісторыяй, культурай і традыцыямі народаў, сталі непасрэднымі ўдзельнікамі фестывалю. Атмасфера нацыянальных падворкаў нікога не пакінула абыякавым.
Знакавай падзеяй для нас стала тое, што ўпершыню ансамбль польскай песні «Івянчанка» выканаў песню «Сяду ў хуткі цягнік» разам з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра на галоўнай сцэне фестывалю, якая ўразіла сваім афармленнем і спецэфектамі. Атмасфера свята была прасякнута сяброўствам і яднаннем народаў. Тут усім хапала месца, і мы спадзяемся, што і ў далейшым будзе так, – распавёў Станіслаў Бурачэўскі.
Фестываль нацыянальных культур - гэта яшчэ і пляцоўка для прасоўвання турыстычных паслуг. Тут можна было пазнаёміцца з маршрутамі для падарожжаў у розныя куткі Беларусі. Аб магчымасцях адпачынку ў Валожынскім раёне ўдзельнікі фестывалю даведаліся ў выставачным павільёне Мінскай вобласці. Праект «Валожынскія гасцінцы» прадэманстраваў увесь турыстычны патэнцыял нашага рэгіёна. Яго прэзентавалі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Башаркевiч і гаспадыня аграсядзібы «Раўнавага» Ларыса Мытнік. Для ўсіх гасцей быў падрыхтаваны майстар-клас па вырабе ўпрыгожвання ў форме васілька. Дырэктар Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай прыняла ўдзел у дыялогавай пляцоўцы на тэму турызму і расказала аб магчымасцях адпачынку для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне.


