Лета працягвае песціць нас цёплымі сонечнымі днямі, таму многія жыхары нашай краіны імкнуцца як мага больш часу правесці на прыродзе разам са сваімі сем'ямі. Бо знаходжанне на свежым паветры так карысна для здароўя. Але, на жаль, не ўсе адпачываючыя задумваюцца аб захаванні правіл бяспекі падчас такога адпачынку: выбіраюць месцы, не прызначаныя для купання альбо і зусім могуць дазволіць сабе зайсці ў ваду ў стане алкагольнага ап'янення.
Каб нагадаць жыхарам і гасцям Валожынскага раёна аб важнасці правілаў бяспекі на вадзе, ратавальнікі штодня праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы па месцах купання. А ў гэтыя выхадныя на пляжы Сакаўшчынскага вадасховішча ў рамках акцый «Летні патруль» і «Канікулы без дыму і агню!» прайшло прафілактычнае мерапрыемства, якое арганізавалі для адпачываючых работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і старшыня раённай грамадскай арганізацыі АСВОД Іван Сухадолец.
З дапамогай навучальных гульняў і віктарын арганізатары нагадалі і дарослым, і дзецям аб правілах бяспекі як на адпачынку ля вады, так і ў побыце. А юныя ратавальнікі з клуба «Ліквідацыя» сумесна са старшынёй АСВОД прадэманстравалі прысутным як дзейнічаць, калі на вашых вачах чалавек пачаў тануць. За актыўны ўдзел у акцыі кожны атрымаў ад ратавальнікаў карысны падарунак. На працягу ўсяго мерапрыемства радавала дзятву водная феерыя ад ратавальнікаў. Дарослыя таксама не засталіся ў баку.


