Лета выйшла на фінішную прамую, а гэта значыць, што зусім мала часу застаецца да пачатку новага навучальнага года.
Мы завіталі на школьны кірмаш, які ў суботу размясціўся каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Валожыне. Свой асартымент прадставілі Лагойскае райпо, Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання, УП «АБЛКААПГАНДАЛЬ» Мінскага аблспажыўсаюза, індывідуальныя прадпрымальнікі. Упраўленне адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавала падвоз для жыхароў сельскай мясцовасці. Такой магчымасцю скарысталіся жыхары Вішнеўскага сельскага савета.
Горкі і атракцыёны забаўлялі дзятву, а музычныя падарункі ўсім дарылі ўдзельнікі дзіцячых вакальных гурткоў і салісты раённага цэнтра культуры. Наведвальнікаў было не сказаць, каб шмат, асноўныя пакупкі да школы, па словах бацькоў, ужо зроблены раней, засталіся канцылярскія дробязі і нешта з адзення, а хтосці проста зазірнуў з дзецьмі разнастаіць свой выхадны дзень.


