26-27 жніўня адбыўся заключны этап культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі», асноўная мэта якога - раскрыць патэнцыял рэгіёну праз спорт, культуру, навуку і адукацыю, аб'яднаць людзей розных узростаў і інтарэсаў.
Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства другі год запар выступаюць Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, кампаніі «АртХаос» і «Белбрэндаўдыт». У гэтым годзе свята ўжо прайшло ў Рэчыцы, Століне, Наваградку, Горкім, Полацку і завяршылася ў Капылі.
Маштабны форум традыцыйна пачаўся з прэс-тура для прадстаўнікоў СМІ і ўдзельнікаў мерапрыемства. У першы дзень іх пазнаёмілі з Алеяй пісьменнікаў, сядзібай «Мядовая заімка», літаратурным музеем Кузьмы Чорнага, майстар-класамі па розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэртам арганнай музыкі і многiм іншым.
Тэмай фестывалю ў Капылі сталі «Сакрэты рамяства». Вялікая ўвага надавалася выставе-продажы народных умельцаў і рамеснікаў, якія прапаноўвалі ручнікі, абярэгі для дома, плеценыя кошыкі, вышыўку, сувеніры з саломы, драўляныя вырабы для кухні, дубовыя бочкі, пацеркавыя ўпрыгажэнні, мыла ручной работы і многае іншае. Свае вырабы тут прадставілі і члены народнага аб'яднання народных майстроў «Скарбніца» Валожынскага раёна Алег Капуста, Вольга Харлінская, Алёна Рыснік.


