У цэнтральнай раённай бібліятэцы ў рамках клуба «Міласэрнасць» для пажылых людзей і інвалідаў прайшоў вечар да Дня пажылога чалавека пад назвай «Ляцяць гады, за імі не ўгнацца». Вядучыя - бібліятэкары Алена Паўлаўна Журкевіч і Алена Францаўна Сугака павіншавалі прысутных са святам – Днём пажылога чалавека. Распавялі пра тое, што ў Рэспубліцы Беларусь 1-га кастрычніка афіцыйна абвешчаны Днём пажылога чалавека 30 гадоў таму, у 1992 годзе, прывялі цікавыя факты пра пажылых людзей, пра доўгажыхароў. Гучалі вершы, прысвечаныя людзям «залатога ўзросту», шмат шчырых пажаданняў, слоў падзякі за цяпло іх сэрцаў, за аддадзеныя працы і маладому пакаленню сілы, за жыццёвы вопыт, якім пажылыя людзі дзеляцца з моладдзю.
На мерапрыемства была запрошана загадчыца натарыяльнай канторай Валожынскага раёна Марына Рыгораўна Целяжэвіч. Яна павіншавала прысутных са святам, распавяла аб ільготах, якія прадастаўляюцца пенсіянерам канторай, адказала на цікавячыя іх пытанні.
Актыўны чытач бібліятэкі і член клуба «Міласэрнасць» Ірына Пятроўна Гаўрыс чытала вершы, байкі, спявала прыпеўкі. Вершы Марыі Антонаўны Шакун прагучалі ў выкананні Алены Лаўрэнцьеўны Рубановіч і Ганны Іванаўны Рабцавай.
На мерапрыемства былі запрошаны жанчыны, якія, напэўна, не ўяўляюць свайго жыцця без песень – Лілія Расціславаўна Саевіч, Таццяна Пятроўна Вяршыцкая, Марыя Геранімаўна Галоўчыц. Акампанаваў жанчынам на баяне і выканаў некалькі песень Антон Іосіфавіч Таўгень. Удзельнікі вечара з вялікім задавальненнем не толькі слухалі песні, але і падпявалі выступоўцам.
Вечар прайшоў за кубачкам гарбаты, у вельмі цёплай, сяброўскай абстаноўцы.


