Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да ўдзельнікаў арт-групы «Журавінка» Івянецкага дома культуры. Без іх удзелу цяжка ўявіць не толькі раённыя святы, але і мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Гісторыя калектыву пачалася яшчэ ў 1960-я гады, заснаваў яго івянчанін, заслужаны дзеяч культуры БССР Іосіф Ляшчынскі. Народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль «Журавінка» аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз. Пабываў у Германіі, Польшчы, выступаў на канцэртах на адной сцэне з самымі яркімі зоркамі тых часоў. Гэта быў гэтакі міксавы брэнд Івянца – танцоры, музыканты, спевакі.
У 2020 годзе пасля пацверджання звання ансамбль быў перайменаваны ў народную арт-групу «Журавінка». Зараз у склад групы ўваходзяць Аксана Шчацько, Марыя Вайткевіч, Таццяна Аляшэвіч, Віялета Данільчык, Вераніка Макась, Кацярына Бібік, Таццяна Задрэйка, Аліна Фіма, Рэната Казакова і Станіслаў Бурачэўскі. Кіраўнікі групы Станіслаў Бурачэўскі і Таццяна Аляшэвіч вырашаюць усе творчыя і арганізацыйныя моманты. І сёння калектыў «Журавінка» – гэта брэнд Івянца. За гады свайго існавання калектыў не страціў былой славы, а толькі прымножыў яе, і шматлікія дыпломы гэтаму пацверджанне. Жадаем гэтаму калектыву росквіту і творчых поспехаў.
Марыя Вайткевіч, удзельніца арт-групы:
- У «Журавінцы» я спяваю з 2019 года і для мяне гэта вялікі гонар – спяваць у калектыве, які мае званне «народны». Для мяне такі жанр апынуўся абсалютна новым, але ўлілася ў калектыў я досыць хутка. «Журавінка» раскрыла ўва мне новыя здольнасці, дапамагла адчуваць сябе на сцэне разняволенай і свабоднай. Бо калі ты адчуваеш плячо таварыша па сцэне падчас выступу, адчуваеш сябе нашмат больш упэўнена. Усе ўдзельнікі арт-групы таленавітыя і яркія, кожны са сваім індывідуальным тэмбрам голасу, характарам, але ўсіх нас аб'ядноўвае любоў да сцэны. Разыначка народнай арт-групы ў тым, што ўвесь выкананы рэпертуар можна абыграць, пражыць так, як кожная песня блізкая па духу гледачу, а гэта вельмі чапляе публіку. Адным словам, арт-гурт «Журавінка» – гэта задавальненне як для ўдзельнікаў калектыву, так і для гледача.
Крыніца: valozhin.by


