5 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.
Як працуе крымінальны вышук у Валожынскім раёне
Крымінальны вышук зарадзіўся разам з міліцыяй у 1918 годзе. На працягу ўсёй гісторыі станаўлення і развіцця служб вялікая ўвага надавалася ўдасканаленню форм і метадаў барацьбы са злачыннасцю. Напярэдадні падзеі мы сустрэліся з начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Валожынскага райвыканкама Аляксандрам Бібікам і даведаліся пра крымінагеннае становішча ў раёне.
– За 9 месяцаў 2022 года здзейснена па лініі крымінальнага вышуку 168 злачынстваў. Па 115 - асобы, якія іх здзейснілі, устаноўлены. Раскрывальнасць склала 68,5 працэнта, што вышэй сярэднеабласнога паказчыка на 2,3%, – распавядае Аляксандр Іванавіч. - Але варта ўлічваць, што за гэтымі працэнтамі стаіць цяжкая праца супрацоўнікаў. Гэта праца па 12-15 гадзін у суткі, часта без выхадных. І тыя, хто праходзіць праз цяжкасці, прапрацаваўшы ў вышуку больш за 10 гадоў, становіцца сапраўдным прафесіяналам. Сёння аператыўнікі працягваюць умела раскрываць злачынствы, у тым ліку і серыйныя. Так, сёлета раскрыты серыі крадзяжоў у Ракаўскім і Гарадзькоўскім сельсаветах. У вёсцы Пугачы два непаўналетніх здзейснілі 9 рабаванняў. Сярод выкрадзенай маёмасці самым буйным быў матацыкл. У Гарадзькоўскім – двое раней судзімых мужчын абкрадалі дачныя дамы.
Новыя сучасныя рэаліі спрыяюць з'яўленню і новых відаў злачынстваў. Павялічылася колькасць спраў па факце махлярства ў Інтэрнэце. У асноўным - гэта пакупкі праз сацыяльныя сеткі або інтэрнэт-крамы. З апошняга выпадку: жыхар Івянца замовіў куртку і аплаціў 200 беларускіх рублёў, але тавар не быў дастаўлены. Таму мы яшчэ раз, карыстаючыся выпадкам, звяртаемся да жыхароў нашага рэгіёну і просім быць пільнымі, некалькі разоў пераправяраць інфармацыю аб прадаўцу і таварах, не прадастаўляць дадзеныя аб сваіх плацежных картках.
З 2020 года ў раёне не здзяйснялася забойстваў, у 2022 годзе адбылося 4 цяжкіх злачынствы на фоне сямейна-бытавых канфліктаў.
Сёння крымінальны вышук Валожынскага раёна - гэта згуртаваны калектыў, які з годнасцю нясе службу. Быць яго часткай - вялікі гонар. Будзем рады, калі нашы шэрагі папоўняць новыя супрацоўнікі з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыяй. У гэты дзень, карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калег са святам і пажадаць крэпасці духу і адданасці нялёгкай, але такой важнай прафесіі.
Крыніца: valozhin.by


