15 кастрычніка на тэрыторыі каля ДУ «Валожынская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа» прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш з удзелам прадпрыемстваў гандлю, прамысловай вытворчасці, бытавога абслугоўвання, сельскагаспадарчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак.
Самымі хадавымі таварамі былі малочная, мясная і агароднінная прадукцыі: бульба, капуста, малако, сыр, алей, свініна, мёд.
Так дыяпазон цэн на бульбу гатунку «Каралева Ганна» быў ад 0,65 да 0,70 рублёў за кілаграм, 14 рублёў за сетку вагой 20 кг. Цана на капусту – 0,70 рублёў, белакачанную ў асноўным куплялі па сетцы-дзве. Чарга выстраілася за капустай гатунку «Беларуская засолачная». Бо цяпер самы час квасіць яе на зіму, і, як адзначыла жанчына з чаргі, гэты гатунак ідэальна падыходзіць для квашання і засолкі. Прадаўцы ветліва абслугоўвалі пакупнікоў, не толькі дапамагаючы вызначыцца з пакупкамі, распавядаючы, што іх прадукцыя якасная, смачная, а самае галоўнае – карысная, але і дапамагаючы ўсё акуратна скласці ў пакет, а каму і на веласiпед мяшок паставіць.

Вялікім попытам у пакупнікоў карысталіся малочныя прадукты Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ «Мінскі малочны завод № 1». Куплялі сыр, малако і алей. Цэны на малочную прадукцыю на кірмашы значна ніжэй, чым у рознічным гандлі.

Нізкімі цэнамі парадаваў жыхароў ДЛГУ «Валожынскі лясгас», дзе можна было набыць мёд натуральны па 10 рублёў за 0,5 л і 20 рублёў за 1 л, лазневыя венікі – за 4 рублі. Прадаваліся саджанцы грэцкага арэха (10 рублёў), вінаград ранні ружовы (7 рублёў), туя заходняя Брабант (10 рублёў), елка калючая (15 рублёў) і многае іншае.
Таксама попытам у пакупнікоў карысталася мясная прадукцыя Валожынскага райпо. Куплялі гараджане свініну і паўфабрыкаты. Цана на свініну рассечаную - 9,62 за 1 кг, рулька свіная – па 5 руб. за 1 кг, рулет са свініны – па 18,25 за 1 кг, фарш свіны – 12,33 руб. за 1 кг.

На кірмашы можна было набыць прадукцыю КУП «Валожынскі РКБА» па вельмі прывабным цэнах.
Крыніца: valozhin.by


