2 лістапада ў гарадскім пасёлку Івянец адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі ў гонар Эдуарда Аўрэліянавіча Каверскага — ваеннага тапографа і геадэзіста, вядомага картографа, ініцыятара будаўніцтва касцёла Святога Аляксея.
Ініцыятарам выступіла грамадскае аб'яднанне «Беларускае геаграфічнае таварыства». У гэтым яго падтрымалі Дзяржкаммаёмасць, дзяржаўнае прадпрыемства «БелПСХАГІ», дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», РУП «Праектны інстытут Белгіпразем», РУП «Белкартаграфія».
Намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Мікалай Бабёр:
— Вельмі сімвалічна, што гэта мерапрыемства мы праводзім у Год гістарычнай памяці. Цяперашняе і будучыя пакаленні павінны ведаць і ганарыцца дасягненнямі такіх людзей як Эдуард Каверскі. Апроч сваёй навуковай дзейнасці ён не забываў і пра духоўныя каштоўнасці, прыкладам таму служыць касцёл Святога Аляксея. Сённяшняе мерапрыемства знакава не толькі для жыхароў Івянца, Валожынскага раёна, геадэзістаў і картографаў, але і для ўсёй нашай беларускай грамадскасці. Гэта яшчэ адна магчымасць ушанаваць памяць выбітнага нашага суайчынніка, дзейнасцю якога мы можам ганарыцца.
Як сказаў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў:
— Для мяне гісторыя пачалася 20 гадоў таму, калі я пазнаёміўся з пробашчам касцёла айцом Лехам Баханекам. Мы шукалі рэшткі знакамітага аргана, які ахвяраваў касцёлу Эдуард Каверскі, усё жыццё якога было прасякнута любоўю да Бога, да Радзімы, да жонкі. Шляхціц са збяднелай сям'і, скончыў дзве акадэміі, пабудаваў чыгунку, спраектаваўшы ландшафтнае рашэнне, заснаваў картаграфічную школу. Але самае галоўнае, што ён зрабіў у сваім жыцці, — пабудаваў касцёл у Івянцы. Толькі асабістае знаёмства з Плеве (міністр унутраных спраў Расійскай імперыі – Заўв.) і абяцанне назваць храм у гонар цэсарэвіча Аляксея, каб ён паправіўся, дапамагло заснаваць касцёл. Дзякуй вам вялікі, што вы захоўваеце памяць аб гэтым чалавеку.
Кіраўнік раёна Яўген Круковіч выказаў словы падзякі арганізатарам мерапрыемства:
— Хачу ўсіх павіншаваць з такой значнай падзеяй. Памяць аб кожным з нас будзе жыць роўна столькі, колькі пра нас будуць памятаць. Сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці мы ўпісалі ў летапіс нашага рэгіёна яшчэ адну старонку пра сапраўды вялікага чалавека.
Аўтар памятнага знака скульптар Сяргей Аганаў распавёў як увасабляў ідэю памятнага знака:
— Калі прыступіў да дадзенай работы, чытаў пра Эдуарда Каверскага, даведваўся і зразумела, што ў галаве нараджаецца вобраз чалавека, хоць ты яго і не ведаеш. Для мяне стала зразумела тое, што чалавек пражыў сваё жыцьцё ў гармоніі і для мяне было вельмі важна не парушыць гэтую гармонію. Па магчымасці памятны знак павінен быў арганічна ўпісацца ў сераду. Невыпадкова была абрана круглая форма дошкі, яна звязана з элементамі храма, таксама гэта сімвал зямнога шара, компаса. Нават камень быў патрэбнага памеру і патрэбных прапорцый, на адваротным баку якога ёсць штыфты, магчыма яго раней хацелі выкарыстоўваць, таму ўсё склалася так удала.
З гісторыі
Эдуард Каверскі нарадзіўся 17 сакавіка 1837 года ў Мазыры ў небагатай шляхецкай сям'і польскага паходжання. Меў брата і чатырох сясцёр. У раннім узросце застаўся без бацькі. На выхаванне быў аддадзены ў Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус, які скончыў у 1855 годзе. Найвышэйшым загадам ад 11 чэрвеня 1855 года праведзены ў прапаршчыкі гвардыі з залічэннем у лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк.
Для атрымання вышэйшай ваеннай адукацыі паступіў у Міхайлаўскую артылерыйскую акадэмію, якую скончыў у 1857 годзе ў чыне паручніка артылерыі. Прызначаны рэпетытарам у 2-i кадэцкі корпус. У 1858 годзе пераведзены ў 1-ю артылерыйскую брыгаду. У 1860 годзе паступіў у Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба на геадэзічнае аддзяленне, якое скончыў па другім разрадзе ў 1862 годзе. 1 красавіка 1863 года праведзены ў штабс-капітаны з залічэннем па Генеральным штабе. Пасля заканчэння акадэміі праходзіў двухгадовую практыку ў Пулкаўскай абсерваторыі.
3 студзеня 1865 года прызначаны выканаўцам хранаметрычнай экспедыцыі ў Пермскай губерні. 2 мая 1867 года назначаны на пасаду памочніка начальніка Картаграфічнай установы Ваенна-тапаграфічнага аддзела Галоўнага штаба. З 1876 года - выконваючы пасаду загадчыка Геадэзічнага аддзялення Ваенна-тапаграфічнага аддзела Галоўнага штаба. 5 красавіка 1881 года назначаны начальнікам гэтага аддзялення.
З 1881 года да 1 мая 1903 года быў членам Ваенна-навуковага камітэта Галоўнага штаба. 11 студзеня 1904 г. прызначаны начальнікам тапаграфічнай здымкі Санкт-Пецярбургскай губерні і Фінляндыі. Знаходзіўся на гэтай пасадзе да сваёй смерці.
Справы сардэчныя
Па выхадзе з корпуса ў чыне прапаршчыка грэнадзёрскага палка Эдуард прыязджае ў Івянец да маці. У той самы драўляны домік, які яна выкупіла ў Пятра Плявакі.
Сустракае дачку гаспадара маёнтка і ўлюбляецца… Эльжбета, як пішуць польскія крыніцы, сваёй прыгажосцю і абаяннем нагадвала анегінскую Таццяну.
Была дзяўчынай разумнай і адукаванай, зачытвалася рускай класікай. Маладому чалавеку, зразумелая справа, запал як не жадаецца пакідаць каханую. Але ён выдатна разумее, што акрамя гарачага сэрца яму прапанаваць няма чаго. Каб прапанаваць ёй руку, на якую можна абаперціся, яму трэба яшчэ шмат чаго дамагчыся… Яны пажэняцца толькі праз дзесяць гадоў.
Будаўніцтва касцёла ў Івянцы
У 1904-м генерал Каверскі падаў прашэнне на будаўніцтва касцёла ў Івянцы на Найвышэйшае імя.
Садзейнічанне да разгляду гэтага прашэння аказваў і тагачасны міністр унутраных спраў Плеве. Дазвол на будаўніцтва быў атрыманы. У падзяку за дазвол храм атрымаў імя святога Аляксея, апекуна царэвіча Аляксея Мікалаевіча, які толькі што з'явіўся на свет. Першыя грошы на будаўніцтва - трыццаць тысяч рублёў - вылучыў асабіста ад сябе генерал Каверскі. Храм быў узведзены за тры гады.
Памёр Эдуард Каверскі 30 студзеня 1916 года ў Санкт-Пецярбургу. Ён і жонка яго, якая памерла чатырма гадамі раней, былі пахаваны ў касцёльным склепе пад алтаром.


