5 снежня ў многіх краінах свету святкуюць Міжнародны дзень валанцёра. Беларусь - не выключэнне. У гонар свята 06.12.2022 у цэнтры культуры г. Валожына прайшоў першы раённы валанцёрскі форум «Зробім свет лепш». Ініцыятарамі правядзення гэтага мерапрыемства сталі «срэбныя» валанцёры ДУ «Валожынскі ТЦСАН» і валанцёры раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Таксама ў форуме прынялі ўдзел валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ДУА «Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй», ДУА «Гімназія №1 г.Валожына». Кожная валанцёрская каманда падрыхтавала творчую прэзентацыю сваёй працы, падзялілася планамі на будучыню. Выступленні каманд былі маляўнічымі і цікавымі. У канцы мерапрыемства выступіла дырэктар ДУ «Валожынскі ТЦСАН» Г.Ф. Рай, якая ад імя раённага выканаўчага камітэта павіншавала ўсіх людзей з добрым сэрцам – валанцёраў арганізацый нашага раёна − са святам і прапанавала стварыць у раёне адзіны валанцёрскі рэсурсны цэнтр на базе ДУ «Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Мэта стварэння падобнай структуры - своечасовае выяўленне праблем, якія патрабуюць валанцёрскай дапамогі, і кансалідацыя магчымасцяў валанцёрскіх арганізацый для іх вырашэння. Праца рэсурснага цэнтра прадугледжвае таксама стварэнне базы дадзеных усіх валанцёрскіх арганізацый, што дазволіць граматна размяркоўваць праблемныя пытанні паміж добраахвотнікамі раёна, а таксама прафесійнае навучанне валанцёраў. Многія людзі сёння гатовы дапамагаць, але не ведаюць, дзе і як яны гэта могуць зрабіць. Ініцыятыва зацікавіла ўсіх прысутных і была аднагалосна прынята ўдзельнікамі мерапрыемства. Таксама ў сувязі са святам, Днём валанцёра, перад добраахвотнікамі выступілі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры.


