Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

14 студзеня споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння беларускай паэткі Канстанцыі Буйло

13.01.2023

У кожнага народа ёсць свае песняры – тыя, хто прыносяць славу і пашану свайму народу і з цягам часу становяцца яго своеасаблівымі сімваламі. Для нас Валожынцаў адной з такіх сімвалічных асоб з’яўляецца Канстанцыя Буйло.

З кожным годам мы ўсё больш аддаляемся ад тых часоў, у якіх яна жыла і тварыла. Але засталася памяць пра паэтку, яе вершы, яе словы-успаміны, яе думкі. Творы К.Буйло прачытаны, але яна, увасоблена ў курганах, лугавінах, дубовых і сасновых абшарах Налібоцкай пушчы, у старажытным мястэчку Вішнева, у Сугваздаўскіх пагорках і пералесках.

Год нараджэння К.Буйло ў шматлікіх крыніцах доўга лічыўся адзін і той жа – 11 студзеня 1899 г. Архіўныя ж звесткі дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы сведчаць: “…у кнізе запісаў аб нараджэнні ёсць звесткі аб тым, што 17 студзеня 1893 года ў Віленскім рымска-каталіцкім касцёле св.Якаба было ахрышчана дзіця па імені Канстанцыя, дачка Антона і Настазіі Буйлаў, якая нарадзілася 2 студзеня 1893 года ў горадзе Вільні”(“Голас Радзімы”,№2 14 студзеня 1988г.). У чым жа прычына такога разыходжання?

Справа ў тым, што ў 1923 г. паэтэса разам са сваім мужам Віталіем Калечыцам паехала ў Маскву. Праз пяць год Канстанцыя Буйло зрабіла спробу паступіць на работу, а дакументаў не мела. “Аднак пры вызначэнні ўзросту, — піша яе сын Яўгеній Калечыц, — … была дапушчана памылка, супраць якой Канстанцыя Антонаўна не стала пярэчыць. А ў дальнейшым абставіны склаліся так, што выпраўленне гэтай памылкі магло аказацца небяспечным” (“Голас Радзімы” №2, 14 студз. 1988г”). Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і сям’ю Канстанцыі Буйло. У 1933 г. быў арыштаваны і загінуў муж паэтэсы Віталій Калечыц. Арышт пагражаў і яе брату. Была звольнена з работы і яна сама…
“…Я не хачу варушыць старое, таму што пісаць усю праўду пра нашу сям’ю і сябе не змагу… Ведаю,усё, што б я ні напісала, будзе потым сведчыць супраць мяне. А ніхто не ўспомніць, што я вымушана была блытаць свае даныя, сабраныя недаверам і падазронасцю часоў культу асобы…” – пісала Канстанцыя Антонаўна сваёй сястры Іне ў адказ на яе прсьбу расказаць дзецям і ўнукам усю праўду пра кожнага з сям’і Буйло (1976г.).

Бацька яе быў лясным аб’ездчыкам. Яго і сям’ю лёс закінуў на Івянеччыну. Канстанцыі Антонаўне глыбока запалі ў сэрца першыя ўраджанні дзяцінства. Вось адзін з першых успамінаў: “Шырока льецца вада ля парога дома і яшчэ праз парог. Дрэвы ў вадзе. На ўзгорках каля дрэў туляцца сарны. Іх шмат. Алені бегаюць па вадзе, іх толькі два. Бацькі выносяць усе рэчы на другі паверх вялізнага старога палаца, дзе на гарышчы гучна крычалі совы і пішчалі, нячутна лятаючы кажаны. Гэта паводка на Іслачы ў Звярынцы, дзе працаваў мой бацька аб’ездчыкам у графа Тышкевіча. Тады я была зусім малая” ( з аўтабіяграфіі К.Буйло “Па пройдзенаму шляху”).

Старэйшыя людзі помняць гэты палац, што стаяў у Сутоках, дзе рачулка Люцінка ўпадае ў Іслач. Паэтэса называе гэту мясцовасць Звярынцам. Сапраўды, Тышкевічы мелі вялікі звярынец. А названы палац стаяў паблізу ў кіламетры ад Вялага на беразе Іслачы. Вельмі любіла Канстанцыя Антонаўна хуткаплынную крынічную раку. Пражыўшы 44 гады ў Маскве, яшчэ ў 1967 г. успомніла любімую рэчку дзяцінства ў вершы “Не хачу лічыць сваіх гадоў”:

Я хачу быць вечна маладой.
Шмат сплыло ў жыцці маім гадоў…
Год за годам… Зноў за годам год,
Быстрыя, як Іслач ў веснаход…


Праз некаторы час бацьку перавялі на новае месца работы, у Сугвазды, што аблізу ад Валожына.
“…Зусім выразна помню Сугвазды – маленькі домік, што ля садка з разваленым плотам і каламутнай сажалкай з карасямі. І наводдаль вёска, дзе была школа, куды я пайшла ў першую восень”. (К.Буйло.Выбраныя творы.т.2.с.305.).

У сваёй аўтабіяграфічнай паэме “На траскіх гацях” (1951г.) яна піша пра нялёгкую працу свайго бацькі, панскага аб’ездчыка:

Дзве фурманкі, вось і ўсё багацце,
Бурая карова каля возу.
І сям’я ўся ідзе абозам.
Ў Сугвазды з пагоркамі і глінай
Лёс сям’ю аб’ездчыка закінуў.


Далей у паэме гаворыцца, што ўвосень нарадзілася дзяўчынка Ядзя, а праз год яна памерла. Старэйшая сястра Стася вучыцца ў Валожыне, што ў вёсцы стаў вучыць дзяцей выгнаны з інстытута за бунтарскія справы мясцовы хлопец Вінцэсь, які вучыў кемлівую і старанную адзінаццацігадовую Костку. У паэме захаваны імёны сясцёр, братоў аўтара, пададзены іх характары, жыццёвы лёс. І ўсё гэта, як відаць, пра Сугвазды. Ёсць падстава зрабіць выснову, што ў Сугваздах Буйлы жылі з 1904 ці 1905 года па 1909 год, гэта значыць 4-5 гадоў.

Асбліва глыбокі след у жыцці і творчасці паэтэссы пакінула наша старасвецае і маладое Вішнева. З далекай Францыі прыехала сюды вучыць дзяцей графа Храптовіча маладая прыгажуня – францужанка Эмілія Ю’’еўна Манэ. Чытаем радкі з паэмы “ На траскіх гацях”:

З Францыі ў пошуках работы
Ехала ў наш край к чужым дзяўчына
Боннаю к панам. Была павінна
Быць слугой разбэшчаным панятам.


Эмілія Манэ выйшла замуж за панскага аб’ездчыка Франца Станкевіча. Яны сталі бацькамі прыгажуні дачкі Уладзіславы, якая потым стала жонкаю Янкі Купалы. Эмілія Станкевіч была настаўніцай юнай Канстанцыі Буйло, многа дала ёй карысных ведаў, навучыла па –сапраўднаму жыць, любіць людзей. І зноў даём слова самой Буйло:

“У мястэчку Вішнева была маці Уладзі – Эмілія Станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме – прыгожая сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя доўгія косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які здавалася, адцягваў назад яе маленькую, зграбную галоўку. Вялікія, уважлівыя вочы яе памятую і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і другам. Заняткам са мною яна аддавала шмат часу і энергіі. Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы мне кнігі для чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адчыняючы мне вочы на многія сацыяльныя з’явы. Усё гэта мне вельмі дапагала мне ў жыцці, і я сёння з глыбокай любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу – Эмілію Станкевіч, маці Ўладкі”.

Памерла Эмілія Станкевіч 3 сакавіка 1922г., пражыўшы 69 гадоў. Пахавана ў Мінску, на ваенных могілках па вул.Казлова.

З хваляваннем апісвае Канстанцыя Буйло сваю першую сустрэчу з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч:

“Уладка тады ўжо працавала ў Вільні ў дзіцячым прытулку, і рэдка прыязджала да маці ў Вішнева. Але аднойчы, вясной, прыйшоўшы як заўсёды на заняткі да сваёй настаўніцы, я ўбачыла ў садку пад расцвіўшымі яблынямі прыгожую маладую дзяўчыну ў доўгай цёмнай сукенцы, з іскрыстымі блакітнымі вачамі, з ясным ружовым тварам, з доўгімі, амаль да кален, пышнымі залатымі косамі. Ой, і прыгожая тады была Уладка!. Добра пасавала тады яе краса да гэтых расцвіўшых яблынь, якія развесілі над ёй свае галінкі ў тую памятную мне раніцу. Яна была спакойная, простая і нейкая незвычайна чулая. Я не помню, каб мне калі ў жыцці было з кім так лёгка і добра з першай мінуты знаёмства, як з ёю. Мы адразу загаварылі так, быццам былі знаёмыя даўно”.

Завязалася паміж імі надзвычай моцная дружба на ўсё жыццё. І ў радасці, і ў горы яны сталі адна для другой апорай у цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях, які было шмат у жыцці гэтых цудоўных жанчын. І – пра апошнюю іх сустрэчу.

“Вечарам, як заўсёды, я і Марыя Канстанцінаўна, таксама наша сяброўка, сядзелі ў яе позна. Уладка ляжала такая радасная, успамінала дзяцінства, расказвала ўсякія выпадкі з нашага сумеснага жыцця, смяялася… А на другі дзень раніцой, калі пазваніла ёй, трубку ўзяла цёця Маня. “Прыязджайце хутчэй, — сказала яна, — Уладзі надта дрэнна”. Без памяці я кінулася да іх. Каля хворай былі ўрач і сястра. Мы адвезлі яе ў бальніцу, а яшчэ праз некалькі гадзін Уладзі не стала.

Так я страціла вялікага і сардэчнага друга, з якім у шчасці і горы ішла поплеч праз усё жыццё, з якім дзялілася кожнай думкай і ўсімі справамі, без якога не ведала, як магла б жыць”.

«Люблю наш край»…
І яшчэ хочацца сказаць пра песню “Люблю наш край”. Верш напісала чатырнаццацігадовая Канстанцыя Буйло ў 1913 годзе. Музыка народная. Што ж натхніла паэтэсу напісаць такія цёплыя і шчырыя радкі? Зноў даём ёй слова: “Бацька мой Антон Аляксандравіч Буйло, працаваў аб’ездчыкам у лесе графа Бутэні-Храптовіча. У лясніцтве Андрэвонж быў вялікі кавалак зямлі, агароджаны частаколам. Там быў мой зачараваны куток, куды я заўсёды хадзіла з вялікім хваляваннем. На ўзлессі быў разарый. Вясною і летам квітнелі ружы, і тады перад вачыма пераліваліся фарбамі вясёлкі ўся паляна, а пах над ёй стаяў такі цудоўны, быццам гусцела паветра ад яго моцы і чароўнасці. Гэты разарый разводзіў і ахоўваў таксама мой бацька…. У той час я пісала шмат вершаў. Там і напісала верш “Люблю мой край”.

Некалькі слоў пра жыццёвы і творчы шлях Канстанцыі Буйло. Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914г.). Працавала на Лідчыне настаўніцай, загадвала кнігарняй у Полацку. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала ў Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Была бухгалтарам саўгаса “Данілкава”. З 1923 г. – у Маскве.
Неаднаразова выдаваліся аднатомнікі, а ў 1981 г. – двухтомнік выбраных твораў паэтэсы. Узнагароджана ордэнам “Знак пашаны” і медалямі. У 1968 г. ёй было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР.

Звыш 50 гадоў свайго жыцця Канстанцыя Антонаўна пражыла ў Маскве. Да апошніх дзён яна помніла і шчыра любіла сваю родную Беларусь, у тым ліку і слаўныя мясціны Валожыншчыны, якія натхнілі яе на мужнае і сумленнае жыццё, на плённую паэтычную творчасць. Памерла Канстанцыя Буйло 4 чэрвеня 1986 года. Праз тры гады яе прах быў перавезены ў Вішнева.

Навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Ніна Бобрык

valozhin.by